У Асіповічах беларусізуюць прыпынкі
У Асіповічах зьбіраюцца мяняць шыльды з расейскамоўнымі назвамі прыпынкаў гарадзкога транспарту на беларускамоўныя. У аўтобусах абвесткі аб прыпынках загучаць таксама па-беларуску.
Асіповічы вылучаюцца з усіх райцэнтраў Магілёўшчыны вялікай колькасьцю
былых савецкіх вайскоўцаў. Для бальшыні іх беларуская мова чужая і
ўспрымаецца варожа. .
"Гэта ня наша ініцыятыва. Гэта ўказаньне
дэпартамэнту транспарту. У Магілёве ж ужо абвяшчаюць прыпынкі
па-беларуску, цяпер мы будзем. Праўда, тут мала хто разумее
па-беларуску. У нас у Асіповічах былыя адстаўнікі Савецкай Арміі. Яны
расейцы ў асноўным. Вось мы аб’яўляем "Лазьня", а яны ня ведаюць, што
гэта за лазьня. Рэкляму мы даём па-расейску, бо так больш папулярна",
тлумачыць сытуацыю прадстаўнік адміністрацыі аўтобуснага парку №19.
А як успрынялі беларускамоўны пачын кіроўцы аўтапарку?
"Без
натхненьня, абсалютна без натхненьня. Бо пару чалавек размаўляюць на
трасянцы, а так у Асіповічах ніхто не размаўляе па-беларуску. Рэдактары
нашай раёнкі спрабуюць размаўляць па-беларуску, аднак відаць, што гэта
для іх нязвыкла".
У Асіповічах транспартнікі зьбіраюцца абеларусіць 49 мясцовых прыпынкаў — 360 шыльдаў. Гэткая колькасьць шыльдаў у раёне.
У
Асіповічах знаходзіцца адзіная беларускамоўная навучальная ўстанова на
ўсю Магілёўшчыну. У мясцовай гімназіі спасьцігаюць веды па-беларуску
каля сямісот вучняў. Сёлета зьбіраліся адкрыць у ёй рускамоўныя клясы.
Супраць гэтага выступіла мясцовая суполка ТБМ. Кіраўніцтва раёну і
адміністрацыя ад намераў адкрыцьця такіх клясаў адмовіліся.