Справа супраць незалежных журналістак знаходзіцца ў пракуратуры Менска
Крымінальную справу супраць Наталлі Радзінай, Ірыны Халіп, Марыны Коктыш і Святланы Калінкінай запатрабавала кіраўніцтва пракуратуры Менска.
Пра гэта сайту charter97.org паведаміў старэйшы дазнаўца Упраўлення ўнутраных справаў Гомеля Аляксандр Пусеў. Паводле яго словаў, справа па артыкуле «паклёп» была раней прыпыненая па п.1 ч.1 арт. 246 КПК РБ («з-за невыяўлення асобы, якая падлягае абвінавачванню») і знаходзілася ў архіве, але прыкладна месяц таму яе запатрабавала кіраўніцтва Менскай гарадской пракуратуры.
«Для якіх мэтаў забралі – не ведаю. У якога следчага знаходзіцца невядома. Запатрабавала кіраўніцтва пракуратуры Менска», - паведаміў дазнаўца.
Пры гэтым канфіскаваную ў Наталлі Радзінай, Ірыны Халіп, Марыны Коктыш і Святланы Калінкінай тэхніку дагэтуль не вярнулі. І, выглядае, вяртаць не збіраюцца.
«Тэхніка знаходзіцца ў спецыяльным сховішчы ў Менску, дзе захоўваюцца рэчдоказы. Рашэнне пра яе вяртанне не прынятае. Чаму – не магу сказаць», - паведаміў Пусеў.
«Відавочна, што гэтая крымінальная справа працягвае вісець над незалежнымі журналісткамі «дамоклавым мячом». Верагодна, пракуратуру Менска, а хутчэй тых, хто значна вышэй за іх, не задаволіла, што гомельскія супрацоўнікі міліцыі не знайшлі «вінаватых» у гэтай справе і «промах» вырашана выправіць. Паказальна, што пра прыпыненне справы нас нават не апавясцілі, а пра яе перадачу ў пракуратуру Менска я даведалася толькі пасля тэлефанавання дазнаўцу Пусеву. Сапраўдным беззаконнем выглядае і тое, што, прыпыніўшы справу, нам так і не вярнулі тэхніку. Відаць, улады палічылі небяспечным вяртаць напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў журналісту сайта charter97.org 8 канфіскаваных кампутараў. Нагадаю, што ў пракуратуры Менска знаходзіцца таксама яшчэ адна крымінальная справа супраць сайта, узбуджаная за каментары чытачоў. Уся гэтая сітуацыя наглядна дэманструе характар прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, якая ідзе ў краіне – яе ўжо сёння можна назваць несвабоднай і недэмакратычнай», - пракаментавала сітуацыю журналістка charter97.org Наталля Радзіна.
Беларускія журналісткі Наталля Радзіна, Ірына Халіп, Святлана Калінкіна і Марына Коктыш пераследуюцца ў межах крымінальнай справы, узбуджанай нібыта па факце паклёпу ў СМІ на былога начальніка Упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці Івана Каржа.
16 сакавіка ў офісах і кватэрах журналістак былі праведзеныя ператрусы і канфіскаваныя кампутары. У офісе charter97.org было канфіскавана больш за ўсё тэхнікі – 8 кампутараў. У астатніх журналістак таксама канфіскаваныя працоўныя і хатнія кампутары. Першапачаткова супрацоўнікі міліцыі ў цывільным спрабавалі патрапіць у арандаваную Наталляй Радзінай кватэру без прад'яўлення пастановы. Пры гэтым яны ўдарылі журналістку ў твар. У абскарджанні незаконных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі Радзінай адмоўлена.