“Лёс Аўтуховіча залежыць ад кожнага”
Рэжысёр Вольга Мікалайчык 10 лістапада прэзентавала ў Мінску свой новы фільм “Падарожжа па бясконцай вайне”. Ён прысвечаны былому афганцу, прадпрымальніку, а зараз палітзвяволенаму Мікалаю Аўтуховічу.
На прэзентацыю фільма прыйшоў Уладзімір Асіпенка, які таксама быў
асуджаны па “справе Аўтуховіча”. Ён выйшаў на волю тыдзень таму.
Уладзімір падзякаваў усім, хто падтрымліваў яго і Мікалая. “Без вашай
падтрымкі, грамадскасці, палітычных дзеячаў, журналістаў, мы атрымалі б
тыя тэрміны, якія запрошваў прадстаўнік пракуратуры, — адзначыў ён. — Я ў
гэтым не сумняваюся. Улада, не чакаючы такой масіраванай падтрымкі,
задрыжала. І было дадзена ўказанне ў Вярхоўны суд, каб нам вызначылі
мінімальныя тэрміны. Каб апраўдаць тыя год і чатыры месяцы, якія мы
знаходзіліся ў следчым ізалятары. Велізарны вам дзякуй. Без вашай
дапамогі нас улада разадрала б”.
Уладзімір Асіпенка паведаміў, што будзе хадайнічаць пра распачацце
крымінальнай справы супраць следчага Гродзенскага аблвыканкама Кухарчыка
— за незаконнае прыцягненне ў якасці абвінавачанага. “І думаю, што
Мікалай да мяне далучыцца”, — лічыць ён.
“Я так і сказаў следчаму Кухарчыку: “Вы ж ведаеце, што я невінаваты. Усё
роўна я, колькі б не адсядзеў, а я пастараюся вытрымаць усё і перажыць,
прыеду і пагляджу вам у вочы. Вось што хачу зрабіць — паглядзець яму ў
вочы”, — сказаў Уладзімір Асіпенка.