viasna on patreon

Адказнасць за знявагу прэзідэнта ў Беларусі

2010 2010-11-08T12:37:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Толькі ў Беларусі існуюць артыкулы Крымінальнага Кодэксу, якія прадугледжваюць адказнасць за паклёп або знявагу прэзідэнта ці чыноўнікаў.

Заканадаўчыя адрозненні Беларусі кідаюцца ў вочы пра параўнанні з законамі ў іншых краінах.

Паводле Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь, максімальная адказнасць за паклёп ці абразу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь складае тры гады. (“Паклёп” — артыкулы 188 КК, 156-2 КоАП; “Абраза” — арт. 189 КК). Падобная практыка існуе ў Расеі, згодна з КК РФ (арт. 129 і 130), адказнасць можа складаць да трох гадоў пазбаўлення волі пры паклёпе ці да двух гадоў калі справа тычыцца абразы. У Германіі адказнасць за паклёп можа саставіць да пяці гадоў пазбаўлення волі. У многіх краінах крымінальная адказнасць у такіх выпадках адсутнічае увогуле — ЗША, Бельгія, Швейцарыя. Заканадаўства гэтых краінаў прадугледжвае штраф або кампенсацыю шкоды пацярпеламу. У Польшчы і Даніі адказнасць складае да двух гадоў, але пераслед за злачынства ўзбуджаецца ў парадку прыватнага абвінавачвання.У Рэспубліцы Беларусь па заканадаўству існуюць не толькі грамадзяне, але і чыноўніцтва з прэзідэнтам. Пра іх у Крымінальным Кодэксе гутарка вядзецца асобна. Артыкул 367 “Паклёп на Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” прадугледжвае ў дачыненні да асобы, якая раней была асуджана за паклёп, пакаранне абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў.

Па Артыкулу 368 “Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” могуць пакараць за публічную абразу прэзідэнта двума гадамі турмы. За паўторную абразу могуць даць тры гады абмежавання волі.

Калі ў Беларусі справа тычыцца чыноўніка, абмежаванне волі можа скласці да трох гадоў, а калі гутарка ідзе аб прэзідэнце, за абразу прадугледжана да трох гадоў пазбаўлення волі, а за паклёп да пяці гадоў.

Разам з тым ніводны з лукашэнкаўскіх рэфэрэндумаў не скасаваў Артыкул 22 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае роўнасць перад законам усіх грамадзянаў. Перад законам усе роўныя, як у частцы парушэнняў, так і будучы аб'ектам гэтага парушэння.

Беларускае чынавенства і асабліва прэзідэнт вылучаюцца ў асобную касту. Нешта падобнае ёсць у Расіі, закон "Аб супрацьдзеянні экстрэмісцкай дзейнасці". Артыкул 1 новай рэдакцыі закона адносіць да паняцця "экстрэмізм" "публічны паклёп у дачыненні да асобы, якая займае дзяржаўную пасаду Расійскай Федэрацыі або дзяржаўную пасаду суб'екта Расійскай Федэрацыі пры выкананні службовых абавязкаў. Журналісты расійскіх СМІ, якія прыцягваліся па гэтаму закону, атрымалі кампенсацыі ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека, а дзеянні РФ былі прызнаныя незаконнымі.

У некаторых краінах існуе адказнасць за паклёп ці абразу ў дачыненні канстытуцыйных структураў або дзяржаўных органаў (ЗША, артыкул 1001 — да пяці гадоў турэмнага зняволення, КК Даніі арт. 129 — да двух гадоў турэмнага зняволення). Аднак тут гаворка ідзе пра дзяржаўны орган у цэлым, а не чыноўніка ў прыватнасці.

Норма, троху блізкая да беларускай, а менавіта вылучэнне чыноўнікаў існуе і ў Бельгіі — гэта арт. 276-277 Крымінальнага Кодэксу, якая прадугледжвае адказнасць у памеры штрафу ці турэмнае зняволенне да шасці месяцаў, але тым не менш там гаворка ідзе аб абразе ці паклёпе чыноўніка знаходзіцца пры выкананні службовага абавязку. Артыкул 266 КК Швейцарыі таксама прадугледжвае турэмнае зняволенне да 5 гадоў, але за дзеянні "накіраваныя супраць бяспекі Швейцарыі", што вельмі далёка ад беларускага артыкула.

Роўнасць перад законам з'яўляецца неад'емнай часткай канстытуцый большасці краінаў свету. Чынавенства асобна не вылучаецца ні ў РФ, ні ў Польшчы, ні ў ЗША, ні ў Германіі. У Польшчы, напрыклад, частка першая артыкулу 212 прадугледжвае ў дачыненні любога суб’екта штраф або абмежаванне волі на 1 год за знявагу ў вачох грамадскасці асобы, групы асобаў або юрыдычнай адзінкі. Такім чынам, адказнасць не залежыць ад роду дзейнасці пацярпелага.

Ці ёсць сярод дэмакратычных і свабодных краін нормы, якія б ставілі асобна кіраўніка дзяржавы, у прыватнасці ў пытаннях паклёпу і абраз? Няма. Ні ў Бельгіі, ні ў Даніі, ні ў ЗША. Няма такіх артыкулаў і ў Германіі, Польшчы, Расійскай Федэрацыі.

Беларусь мае разуменне таго, што трэба гэта выправіць. "Калі ўжо Еўрапейскі Саюз гэтага жадае або амерыканцы, і гатовы ў чымсьці пайсці нам насустрач, то калі ласка. Адменім артыкул аб паклёпе на прэзідэнта. Я гатовы трываць паклёп дзеля добрых адносін Еўропы з Беларуссю", — заявіў А. Лукашэнка ў інтэрв'ю агенцтву "Франс-Прэс" у лістападзе 2008 года. Але прайшло два гады, а змены ўсё ніяк не прыходзяць.

Еўрапейская канвенцыя аб абароне правоў чалавека, якую падпісала і Беларусь, прадугледжвае свабоду думкі, сумлення і рэлігіі (арт. 9) і свабоду выказвання (арт. 10).

Менавіта зыходзячы з гэтых артыкулаў Еўрапейскі суд па правах чалавека караў Расею за абмежаванні правоў СМІ і выпісаў кампенсацыі журналістам. Міжнароднае права лічыцца вышэй за ўнутранае права дзяржавы. Свабода думкі і выказвання меркавання з'яўляюцца неаддзельнай часткай міжнароднага права. Любыя заканадаўчыя акты, указы накіраваныя на абмежаванні гэтых свабодаў унутры краіны нічкэмныя. Свабода выказваць свае думкі вышэй, чым свабода не быць пакрыўджаным.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства