На допыт ў аддзяленьне міліцыі “Дзевятоўка” ў Гродне былі выкліканы амаль усе актывісты штаба Аляксандра Мілінкевіча.
2 сакавіка ў гарадзенскай міліцыі допыты адбываліся амаль як па канвееру, паведаміў інтэрнэт- партал pahonia.promedia.by.
"Нас развялі па розных кабінетах і там дапытвалі. Усе былі выкліканы па факце антыпрэзідэнцкіх надпісаў, якія з’явіліся ў горадзе 15-16 лютага. Аднак я, напрыклад, гэтых надпісаў у вочы не бачыў", – паведаміў ПАГОНІ Сяргей Мальчык, намеснік кіраўніка абласнога штаба Аляксандра Мілінкевіча па Гарадзеншчыне.
Міліцыянты ўзялі паказанні, аформілі пратаколы і адпусцілі актывістаў выбарчага штаба.
"Я лічу, што нас выклікалі ў міліцыю спецыяльна, каб мы не змаглі паехаць сёння ў Менск на сустрэчу з Аляксандрам Мілінкевічам. Хаця ніхто з нас ехаць і не збіраўся", – пракаментаваў падзею Сяргей Мальчык.
Па гэтай жа справе быў выкліканы ў аддзяленне міліцыі і Андрэй Пачобут, актывіст Саюза палякаў Беларусі, непрызнаванага беларускімі ўладамі. Ён адмовіўся даваць паказанні.