viasna on patreon

Заява шэфа КДБ зроблена з мэтай апраўдаць рэпрэсіі супраць апазыцыянэраў

2006 2006-03-02T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

1 сакавіка старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка заявіў на прэсавай канфэрэнцыі, што апазыцыя запланавала шэраг правакацыяў на дзень выбараў. Паводле яго, у часе апазіцыйнага мітынгу запланаваныя некалькі выбухаў. Сухарэнка заявіў: “Зьяўленьне крыві і ахвяраў разьвязвае рукі арганізатарам акцыі пратэсту, пасьля чаго пачынаецца захоп будынкаў органаў улады, вакзалаў, перагароджваюцца чыгуначныя каляіны з мэтай поўнага спыненьня функцыянаваньня краіны”. Каардынаваць такія дзеяньні, паводле кіраўніка КДБ, мелі арыштаваныя сябры арганізацыі “Партнэрства”.

Кіраўнік штабу Аляксандра Мілінкевіча Сяргей Калякін заяву шэфа КДБ назваў правакацыяй. Ён паведаміў “Свабодзе”, што днямі штаб атрымаў ананімны ліст, у якім было паведамлена пра плянаваныя правакацыі з боку спэцслужбаў у часе выбарчай кампаніі. Сяргей Калякін назваў сярод іншага зьяўленьне правакатараў у натоўпе 19 сакавіка, якія будуць правакаваць бойкі, а таксама блякаваньне цэнтру гораду і перашкоды патэнцыйным удзельнікам мітынгу трапіць у Менск: “Мы маем дакумэнты, якія сьведчаць аб тым, што спэцслужбы рыхтуюць масавыя правакацыі супраць дэмакратычных сілаў. Туды ўваходзяць і тое, што выказаў Сухарэнка пра ўсялякія выбухі, а таксама яшчэ й выяўленьне зброі ў гаражах актывістаў. Могуць прывесьці на плошчу правакатараў, якія будуць імітаваць хуліганаў... Там вельмі шмат заплянаваных мерапрыемстваў. Тое, што агучыў Сухарэнка, адпавядае той схеме, пра якую сьведчаць дакумэнты, што мы атрымалі”.

Кіраўнік штабу Мілінкевіча паведаміў, што ўжо рыхтуецца адпаведная заява прадстаўнікоў апазыцыі, у тым ліку і ў міжнародныя структуры.

Сябра штабу Аляксандра Казуліна Ўладзімер Нісьцюк лічыць, што заява шэфа КДБ зроблена з мэтай апраўдаць рэпрэсіі супраць апазыцыянэраў: “Мне бачыцца, што гэта палітычная заява сп. Сухарэнкі. Гэта спроба прэвэнтыўна пабудаваць нейкую сытуацыю, каб потым можна было апраўдаць дзеяньні супраць тых апазыцыянэраў, якія будуць на плошчы альбо ў іншым месцы. Адказнасьць за ўсё тое, што будзе рабіцца, маюць несьці ня тыя, пра каго ён гаворыць, а тыя, хто цяпер “раскручвае” усё гэта праз сродкі масавай інфармацыі па ўсёй дзяржаве”.

Кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Гайдукевіч так пракамэнтаваў заяву кіраўніка КДБ: “Ну, Сьцяпан, калі казаў, то ў яго, магчыма, нейкая інфармацыя ёсьць. Але я як палітык магу казаць, што няхай ён супакоіцца. Ніхто туды ня пойдзе. Там будзе большасьць маіх людзей”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства