ТБМ прапанавала прэзідэнту краіны абвясціць 2011 год Годам роднай мовы
Кіраўніцтва РГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ) прапанавала прэзідэнту краіны абвясціць 2011 год Годам роднай мовы. Пра гэта гаворыцца ў звароце сакратарыята ТБМ ад 29 кастрычніка.
Аўтары выказваюць "занепакоенасць сённяшнім станам беларускай мовы ў краіне". "Паводле вынікаў апошняга перапісу насельніцтва Беларусі, колькасць жыхароў Беларусі, якія назвалі сваёй роднай мовай беларускую, за апошнія 10 гадоў значна зменшылася. Зменшылася і колькасць людзей, якія штодня размаўляюць па-беларуску. Гэта выклікана нядбайнымі адносінамі беларускай улады да захавання і пашырэння мовы тытульнай нацыі, найперш у сферы адукацыі", — падкрэсліваецца ў звароце.
Сакратарыят ТБМ прапануе кіраўніку беларускай дзяржавы абвясціць наступны 2011 год Годам роднай мовы, а ўраду Беларусі — распрацаваць і ажыццявіць канкрэтную праграму дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы ў розных сферах грамадскага жыцця.
У інтэрв'ю БелаПАН старшыня ТБМ Алег Трусаў адзначыў, што дзяржава павінна прыняць закон у падтрымку беларускай мовы. Паводле яго слоў, гаворка ідзе пра выдзяленне сродкаў на распаўсюджанне роднай мовы ва ўсе сферы жыцця, як гэта практыкавалася на пачатку 1990-х гадоў
Акрамя таго, падкрэсліў старшыня ТБМ, трэба дамагацца, каб Міністэрства адукацыі "павярнулася тварам да беларушчыны". Ён выказаў спадзяванне, што ў наступным годзе ў кіраўніцтва гэтага міністэрства прыйдуць людзі, якія будуць ставіцца да роднай мовы так, як гэта робіць міністр культуры Павел Латушка.