Незалежным выданьнем "Згода" зацікавіліся праваахоўныя органы
21 лютага прэс-служба Міністэрства замежных спраў РБ выступіла з заявай з нагоды публікацыі ў апошнім нумары газеты "Згода" артыкула "Палітычны крэатыў", ілюстраванага карыкатурамі (у тым ліку з выявай прарока Мухаммеда), якія раней справакавалі міжнародны скандал. Паводле МЗС, матэрыялы па факце перадрукоўкі карыкатур гэтым выданнем Міністэрства інфармацыі накіравала ў Пракуратуру.
"Міністэрства замежных спраў рашуча асуджае любыя наўмысныя дзеянні, якія могуць пацягнуць распальванне міжрэлігійнай варожасці, распаўсюд... недаверу паміж нацыянальнымі і рэлігійнымі супольнасцямі, якія жывуць у Беларусі", - гаворыцца ў заяве МЗС. На думку міністэрства, публікацыя мае "яўна павакацыйны характар". "Карыкатуры перадрукаваныя з заходніх СМІ недзяржаўным выданнем і цалкам супярэчаць палітыцы афіцыйных уладаў Рэспублікі Беларусь", - лічыць Міністэрства замежных спраў.
Як паведаміў БелаПАН галоўны "Згоды" Аляксей Кароль, публікацыя з'явілася ў яго адсутнасць і без яго згоды. Распаўсюд гэтага нумару зараз спынены, а на намесніка галоўнага рэдактара накладзена спагнанне. Галоўны рэдактар заяўляе, што ў самім артыкуле не ўтрымліваецца нічога, пра што гаворыцца ў заяве МЗС, і што яго выданне з павагай ставіцца да ўсіх канфесій.
Зараз, 22 лютага, у рэдакцыі газэты "Згода" адбываецца ператрус у сувязі з заведзенай крымінальнай справай.
Прэс-служба БАЖу нагадвае, што з гэтага года "Згоды" няма ў падпісным каталогу "Белпошты", а дамова на распаўсюд і экспедыяванне рознічных накладаў з "Белсаюздрукам" таксама не была працягнутая.