viasna on patreon

Пасьля меркаваных анархістаў узяліся за эколягаў

2010 2010-09-23T16:19:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У Менску працягваюцца затрыманьні ў справе аб нядаўнім нападзе на амбасаду Расеі, падпале ізалятару на Акрэсьціна ды нападах на філіял "Беларусьбанку" і будынак Дома прафсаюзаў 30 красавіка.

Паводле актывісткі экалягічнага руху Ніны Маргаевай, 23 верасьня раніцай пасьля ператрусаў былі затрыманыя актывісты Аляксандар Ярашэвіч і Алена Дубовік:

"Недзе каля 7 гадзінаў раніцы ім патэлефанавалі зь міліцыі, у іх адбыўся ператрус, забралі ўсю кампутарную тэхніку, якая ў іх была, і завезьлі ва ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю на Рэвалюцыйнай вуліцы, 3. Што зь імі цяпер, ня ведаю", — сказала "Свабодзе" Ніна Маргаева.

Паводле зьвестак Ніны Маргаевай, журналіст Аляксандар Ярашэвіч займаў актыўную пазыцыю супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі гэтаксама, як і Алена Дубовік, і яшчэ яны моцна дапамагалі затрыманым у справе падпалаў, у тым ліку анархістам: кантактавалі зь іх сваякамі, дапамагалі ў інфармаваньні.

"Мяркую, таму іх і затрымалі. Увогуле, па маіх зьвестках, цяпер штодня ідуць затрыманьні і допыты. Людзей затрымліваюць, дапытваюць, каго адпускаюць, каго трымаюць", — кажа Ніна Маргаева.

Ува ўпраўленьні інфармацыі МУС не ўдалося атрымаць зьвесткі адносна новых затрыманьняў у справе падпалаў. Між тым, адзін са сьледчых Цэнтральнага РАУС Менску, дзе вядзецца справа, не называючы свайго імя, сказаў "Свабодзе":

"Справы ідуць па ўсім горадзе, але я нічога пэўнага казаць ня маю права".

Мабільныя тэлефоны Аляксандра Ярашэвіча і Алены Дубовік не адказваюць.

Паводле МУС, у пачатку верасьня былі затрыманыя 7 актывістаў руху анархістаў, якіх падазравалі ў нападзе на філіял "Беларусьбанку" і будынак Дома прафсаюзаў 30 красавіка. Іншыя крыніцы паведамлялі, што іх таксама правяралі на датычнасьць да нападу на расейскую амбасаду 30 жніўня і ізалятар на Акрэсьціна ў пачатку верасьня. Вядома, што 5 анархістаў выйшлі на волю, за кратамі застаюцца Аляксандр Францкевіч, які нібыта датычны да нападу на пастарунак міліцыі ў Салігорску і Мікалай Дзядок, якога нібыта падазраюць у рабаваньні мінакоў. Таксама выйшаў на волю пасьля 9 дзён затрыманьня актывіст "Правага альянсу" Ігар Чапіга, якога таксама правяралі на датычнасьць да падпалаў. Паводле Ігара Чапігі, ў гэтых справах значна больш затрыманых, чым афіцыйна прызнаецца. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства