Цэнтральны раённы суд Мінску адмовіўся разглядаць скаргу Вольгі Завадзкай на дзеяньня пракуратуры Рэспублікі Беларусь
Маці зьніклага апэратара ОРТ Дзьмітрыя Завадзкага і яе адвакат лічаць гэта грубым парушэньнем Канстытуцыі. Два тыдні таму Вольга Завадзкая, расчараваная прыпыненьнем справы аб зьнікненьні сына, падала на пракуратуру Беларусі скаргу ў суд Цэнтральнага раёну Менску. Вольга Завадзкая заявіла, што былі парушаныя яе правы як пацярпелай: яе нават не пазнаёмілі з пастановай аб прыпыненьні расьсьледаваньня. Яна запатрабавала аднавіць сьледзтва і пакараць вінаватых у парушэньні закону. Судзьдзя Пётр Кіркоўскі з Цэнтральнага суду Мінску ў пісьмовым адказе паведаміў Вользе Завадзкай, што яе скарга ў судзе разглядацца ня будзе, ёй прапанавана скардзіцца на дзеяньні сьледчых пракуратуры ў саму пракуратуру. Вольга Завадзкая ўспрыняла гэтую адмову як яшчэ адзін доказ нежаданьня ўладаў высьвятляць лёс сына.