Удзельнікаў пікета за беларускія класы будуць судзіць
На прафесара Гродзенскага медуніверсітэта Алеся Астроўскага, яго жонку Аксану і гродзенскага грамадскага актывіста, краязнаўца і журналіста Уладзіміра Хільмановіча складзеныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
Усіх трох выклікалі 10 верасня ў дзевятоўскае аддзяленне міліцыі па справе пікету, які яны праводзілі 3 верасня з патрабаваннем стварэння ў гродзенскіх школах беларускамоўных класаў.
Кажа Уладзімір Хільмановіч:
– Пасля пікету быў складзены пратакол апытання, цяпер складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Паводле артыкула, па якім нас вінавацяць – гэта арганізацыя несанкцыянаванага публічнага мерапрыемства, пагражае альбо папярэджанне, альбо штраф да 8 базавых велічынь.
Як адзначыў Уладзімір Хільмановіч, калі адбудзецца суд пакуль невядома. Застаецца чакаць позвы.
Таксама сёння Алесь Астроўскі і Уладзімір Хільмановіч былі на сустрэчы з адміністрацыяй сярэдняй школы №32 Гродна наконт магчымасці адкрыцця беларускамоўнага класа. На сустрэчы таксама прысутнічаў загадчык аддзела адукацыі Ленінскага раёна Гродна Сяргей Ламека.
У выніку сустрэчы была прапанаваная змешаная форма навучання дзяцей: калі большасць прадметаў выкладаецца па-беларуску ў індывідуальным парадку, а рэшта – з класам па-расійску.