viasna on patreon

Крыміналістаў АБСЭ пазнаёмяць са справай Бябеніна

2010 2010-09-09T13:54:14+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/obce.jpg

Беларусь запрашае некалькі экспэртаў-крыміналістаў з краін-сябраў АБСЭ для вывучэньня абставін сьмерці журналіста Алега Бябеніна. Афіцыйная заява на гэты конт будзе зробленая сёньня на пленарным паседжаньні Сталай рады АБСЭ ў Вене.

Пра гэта на брыфінгу паведаміў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

Ён у прыватнасьці сказаў, што Беларусь гатовая запрасіць аднаго-двух экспэртаў-крыміналістаў з краін-сябраў АБСЭ, якія змогуць азнаёміцца з усімі акалічнасьцямі сьмерці журналіста Алега Бябеніна.

Аднрэй Савіных ахарактарызаваў гэтае рашэньне як "беспрэцэдэнтны крок у юрыдычнай практыцы не толькі ў Беларусі, але і ў Эўропе" .

Спадар Савіных сказаў, што такія захады з боку Беларусі прадыктаваныя "нашым зьдзіўленьнем і заклапочанасьцю рознага году выказваньнямі, якія зьявіліся у выступах ня толькі СМІ, але і асобных прадстаўнікоў розных міжнародных структур".

Інфармацыя на гэты конт сёньня раніцай была ўжо даведзеная да шэрагу амбасадараў краін АБСЭ ў Менску.

6 верасьня прадстаўніца АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ Дуня Міятавіч выказала сваю занепакоенасьць з нагоды сьмерці Алега Бябеніна і заклікала беларускія ўлады правесьці ўважлівае і незалежнае расьсьледаваньне.



Цела Алега Бябеніна было знойдзена вечарам 3 верасьня ў дачным доме, разьмешчаным у Дзяржынскім раёне.

Бябенін вісеў на самаробнай пятлі, прымацаванай да лесьвічнага пралёту, які вядзе на другі паверх дома. Побач ляжала табурэтка.

Экспэртыза высьветліла, што прычынай сьмерці Алега Бябеніна зьяўляецца асфіксія з прычыны ўдушэньня пятлёй пры павешаньні,-- паведаміў пракурор Дзяржынскага раёна Сяргей Каўрыга. У Генпракуратуры паведамілі, што ў першую чаргу разглядаецца вэрсія пра самагубства.

Сябры, сваякі і калегі загіблага сумняюцца ў тым, што апазыцыйны журналіст мог разьвітацца з жыцьцём добраахвотна. Паводле іх словаў, у Бябеніна не было ніякіх матываў для самагубства, а афіцыйныя дакумэнты аб яго сьмерці ўтрымліваюць шэраг супярэчнасьцяў, якія прымушаюць сумнявацца ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня.

Старшыня Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк заклікаў улады Беларусі правесьці "поўнае і празрыстае" расьсьледаваньне абставінаў сьмерці Бябеніна. З аналягічнымі заявамі выступілі дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па Беларусі Сініка Хурскайнэн, прадстаўнік АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ Дуня Міятавіч, Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў, арганізацыя "Індэкс цэнзуры", Нарвэскі Хэльсінскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў і іншыя арганізацыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства