viasna on patreon

Усходнія дыктатуры вучацца ў Беларусі

2010 2010-08-24T12:58:01+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/asamblejanda2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Улады Эгіпта напярэдадні чарговых прэзыдэнцкіх выбараў улічылі багаты досьвед Беларусі па стрымліваньні грамадзкай актыўнасьці. Сярод так званых “антырэвалюцыйных мераў” заплянаванае ўвядзеньне крымінальнай адказнасьці за “дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”. У зьвязку з гэтым Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў накіравала ў Амбасаду Эгіпта Заяву пра салідарнасьць з прадстаўнікамі тамтэйшай грамадзянскай супольнасьці.

Падуладныя аўтарытарнаму лідэру Эгіпта Хосьні Мубараку СМІ апублікавалі чарнавы варыянт законапраекта па НДА, з увядзеньнем якога паўстануць шматлікія забароны і перашкоды ў дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў. У прыватнасьці, плянуецца забараніць працу грамадзкіх аб’яднаньняў больш чым у двух накірунках дзейнасьці і безь ліцэнзіі Міністэрства сацыяльнай салідарнасьці. Другое “ноў-хаў” па сваім зьмесьце нагадвае адыёзны артыкул крымінальнага кодэксу РБ № 193.1. Акрамя таго, для атрыманьня бязвыплатнай дапамогі неабходны дазвол дзяржаўных органаў, а ўсе паўнамоцтвы па рэгуляваньні дзейнасьці НДА пераходзяць да праўладнай Агульнай Фэдэрацыі Грамадзкіх Асацыяцыяў. І ў дадатак да ўсяго, забараняецца дзейнасьць НДА, якая «парушае этыку», хоць юрыдычнае вызначэньне такіх парушэньняў адсутнічае.

Дэмакратычная грамадзкасьць Эгіпта, занепакоеная імаверным перасьледам сябраў грамадзкіх аб’яднаньняў, распачынае кампанію па змаганьні за свабоду асацыяцыяў. У межах кампаніі прадстаўнікі 71 эгіпецкіх арганізацыяў падпісалі дэклярацыю, у якой выказалі пратэст адносна новага варыянту законапраекта па НДА.

Пратэст эгіпэцкіх арганізацыяў падтрымала Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў. Сёньня беларуская асацыяцыя скіравала да Амбасады Эгіпта Заяву салідарнасьці.

“Асамблея НДА Беларусі выказвае занепакоенасьць у сувязі з наступам на свабоду асацыяцыяў у Эгіпце. (...) Надзвычай засмучаюць захады эгіпецкіх уладаў,  скіраваныя на крымінальны перасьлед дзейнасьці незарэгістраваных грамадзкіх араганізацыяў. Менавіта супраць такой формы рэпрэсіяў у дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці актыўна змагаюцца лідэры і актывісты сотняў арганізацыяў у самой Беларусі...”, -- адзначаецца ў тэксьце Заявы.

Як падкрэсьліла каардынатарка кампаніі “ Стоп 193.1!” Алёна Валынец, падтрымка эгіпецкіх арганізацыяў беларускай Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў зусім не выпадковая. “Мы самі, як прадстаўнікі грамадзянскае супольнасьці, у межах кампаніі “Стоп 193.1!” змагаемся за свабоду асацыяцыяў і супраць крыміналізацыі заканадаўства ў дачыненьні да беларускіх НДА. Замежныя калегі з геаграфічна аддаленых краінаў шматразова выказвалі салідарнасьць зь беларускімі актывістамі. І мы самі, разумеючы важнасьць салідарнасьці і ўзаемападтрымкі, будзем рэагаваць на выпадкі перасьледу і дыскрымінацыі аб’яднаньняў, што церпяць ад рэпрэсіўных рэжымаў”, -- заявіла Алёна Валынец.

Нагадаем, кампанія “Стоп 193.1” , ініцыяваная Асамблеяй НДА,  стартавала ў чэрвені 2009 году. Мэта кампаніі – скасаваньне артыкула 193.1 Крымінальнага кодэксу. На дадзены момант да ініцыятывы далучыліся дзясяткі беларускіх і замежных арганізацыяў. Сярод мерапрыемстваў у межах кампаніі – гэпэнінгі і флэш-мобы, тэматычныя круглыя сталы і заявы да дзяржаўных інстытуцыяў, звароты грамадзянаў і замежных арганізацыяў да беларускіх парлямэнтароў.

Даведка. Улада ў Эгіпце з 1954 года сканцэнтраваная ў рукох прадстаўнікоў дынастыі “ваенных фараонаў” (Насэр, Садат, Мубарак). У апошнія месяцы ў Эгіпце актывізаваліся грамадзкія рухі і апазыцыйныя арганізацыі, якія выводзяць сваіх прыхільнікаў на шматтысячныя акцыі пратэсту супраць 83-гадовага Хосьні Мубарака. Аўтарытарны лідэр кіруе Эгіптам ужо 30 год. У краіне забароненая дзейнасьць пазапарлямэнцкіх партыяў, жорстка перасьледуюцца іншадумцы. У траўні бягучага году парлямэнт Эгіпту працягнуў на два гады дзеяньне закона аб надзвычайным становішчы, якое было ўведзенае ў краіне пасьля забойства папярэдняга прэзыдэнта Анвара Садата ў 1981-м годзе. 

Між іншым, крыміналізацыя грамадзкай дзейнасьці, як у Эгіпце, так і ў Беларусі адбыліся напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Як вядома, артыкул 193.1 КК РБ быў ухвалены перад прэзыдэнцкай кампаніяй 2006 году ў якасьці так званых “антырэвалюцыйных мераў”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства