Новая крымінальная справа за каментары ў Інтэрнэце
У Вілейцы заведзена крымінальная справа па факце паклёпу ў каментарах на мясцовым сайце.
Незалежны сайт vialejka.org не працуе ад выходных. На яго галоўнай старонцы змешчаны такі допіс:
«На карыстальнікаў сайта заведзена крымінальная справа за паклёп і абразу. Другая справа знаходзіцца на этапе даследавання. Цяпер сіламі МУС вядзецца пошук адміністратараў сайта. Зусім хутка мы ізноў з’явімся ў сеціве! Сачыце за абнаўленнямі!»
У якасці сведкі ў міліцыю ўжо выклікалі аднаго з карыстальнікаў інтэрнэт-старонкі Міколу Суслу.
У яго на экспертызу забралі ўласны камп’ютэр, бо лічаць, што малады чалавек можа быць адміністратарам сайта. Мікола паведаміў, што заведзена крымінальная справа аб паклёпе на дырэктарку СШ №1 Вілейкі. Адзін з каментатараў малюнка, змешчанага на сайце, пакінуў допіс, у якім разгледзелі паклёп і абразу жанчыны.
Другая справа, па словах сп. Суслы, знаходзіцца на стадыі збору матэрыялу. Шукаюць аўтара аднаго з каментароў да артыкула аб смерці Анатоля Шагава, які ўзвёў паклёп на дырэктарку Вілейскай музычнай школы.
Нагадаем, што раней была заведзена крымінальная справа па факце паклёпу ў каментарах на сайце «Хартыя'97».
Пакуль пазнаёміцца з навінамі vialejka.org прапануецца на Twitter’ы.