Слонім: на актывістаў БНФ складзены пратаколы за пераход вуліцы
Аднак Аляксандар Гарасюк і Павал Севасьцян сьцьвярджаюць, што яны наагул не пераходзілі вуліцы, а супрацоўнік міліцыі спыніў іх на ходніку.
Са слоў Аляксандра Гарасюка, яго і Паўла Севасьцяна 13 чэрвеня затрымаў супрацоўнік ДАІ, калі яны ішлі па ходніку ў накірунку гарадзкога парка. Ён запатрабаваў, каб яны селі ў машыну для складаньня пратакола за парушэньне правілаў пераходу вуліцы.
Са слоў Гарасюка, міліцыянт паводзіў сябе даволі нахабна, не прадставіўся, павышаў голас. Натуральна, што хлопцаў абурылі ягоныя абвінавачваньні, паколькі вуліцы яны наагул не пераходзілі.
Яны пачалі гэта даказваць міліцыянту, але той выклікаў па рацыі яшчэ адну міліцэйскую машыну, на якой іх і адвезьлі ў пастарунак, дзе і склалі пратакол.
Аляксандар Гарасюк кажа, што ў якасьці сьведкаў выступілі таксісты, якія нібыта стаялі недзе побач. На 19 чэрвеня, у суботу, хлопцам выдалі позвы. Менавіта ў гэты дзень сябры БНФ зьбіраюцца ў Слоніме дзеля ўшанаваньня памяці Валовіча і іншых паўстанцаў загінуўшых на Слонімшчыне.
Яшчэ спадар Гарасюк распавядаў, што затрыманьне яго на вуліцы адбылося на наступны дзень, калі ён вярнуўся з паездкі ў Берлін у складзе дэлегацыі маладых беларускіх палітыкаў. Зь яго слоў, іх дэлегацыю па вяртаньню ў Менскім аэрапорце старанна фільмавалі апэратары БТ.