Міколу Дземідзенку абвінавацілі ў расклейцы ўлётак па Віцебску
Паводле адміністрацыйнага заканадаўства міліцыянты кваліфікавалі гэта як забруджваньне гораду.
Актывіст распавёў, што яго затрымалі ў тралейбусе: некалькі міліцыянтаў з аўтаматамі зайшлі ў салён, загадалі кіроўцу зачыніць дзьверы і на вачах у пасажыраў затрымлівалі Міколу Дземідзенку як небясьпечнага злачынцу.
Аднак у Кастрычніцкім райаддзеле міліцыі, куды хлопца завезьлі ўжо пасьля таго, як некалькі гадзінаў пратрымалі ў Першамайскім РАУС, супрацоўнікі запісалі ў пратаколе затрыманьня, што засьпелі яго за расклейваньнем улётак.
Больш за 200 улётак у Міколы Дземідзенкі забралі. Ён кажа, што прывёз агітацыйную прадукцыю ў Віцебск зь Менску, каб раздаць яе на сустрэчы зь сябрамі стваранай партыі БХД і «Маладога фронту».
Склаўшы пратакол пра адміністрацыйнае парушэньне, міліцыянты адпусьцілі актывіста. У двух віцебскіх райаддзелах міліцыі яго ўтрымлівалі каля пяці гадзін.
* * *
У той жа дзень у Віцебску быў затрыманы яшчэ адзін актывіст БХД Алесь Галавань. Яго пратрымалі ў Першамайскім РАУСе амаль дзьве гадзіны, аднак адпусцілі дахаты без складаньня пратаколу.