viasna on patreon

Пракуратура зноў патрабуе аштрафаваць верніка на 3,5 мільёна

2010 2010-05-28T20:58:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/smyk.jpg

Cёньня ў Цэнтральным судзе Гомеля скончана дасьледаваньне крымінальнай справы супраць верніка «Сьведкі Еговы» Дзьмітра Смыка за ўхіленьне ад вайсковай службы. Гэта паўторны разгляд справы на падставе пратэсту Вярхоўнага суду.

Тым ня менш, дзяржаўны абвінаваўца, пракурор Цэнтральнага раёну Ігар Купчын, запатрабаваў аналягічнага пакараньня верніку — штрафу ў памеры 100 базавых велічыняў, што адпавядае тром з паловай мільёнам рублёў.

Аргумэнтаваў раённы пракурор сваю просьбу, па сутнасьці, так, як і падчас першага прысуду ў лістападзе мінулага году. Маўляў, у вернікаў «Сьведкі Еговы» няма «наўпроставай забароны на воінскую службу» — гэта асабіста вырашае кожны вернік.

Дзяржаўны абвінаваўца наогул зьдзіўляўся, як гэта так: Біблія адна — праваслаўе заахвочвае службу, а «Сведкі Еговы», наадварот, тлумачаць яе па-свойму?

Паводле пракурора, Дзьмітры Смык нібыта наагул выбраў «зручную рэлігію». З дзяцінства ён, маўляў, не выхоўваўся ў рэлігійнай сям’і — «прыйшла армія й прыйшла рэлігія». Такое, на думку дзяржаўнага абвінавачваньня, «запозьненае прасьвятленьне».

Пракурор бедаваў, што «няма магчымасьці залезьці ў глыбіню мазгоў і праверыць». А калі так, то трэба верніка пакараць, бо «войска — гэта не асабісты выбар, а сьвяты абавязак».

З матэрыялаў справы вынікае, што летась Дзьмітры Смык прайшоў усе неабходныя дапрызыўныя мерапрыемствы. Калі яго, па сьведчаньні лекара Мікалая Борыса, прызналі абмежавана годным да вайсковай службы, ён пісьмова зьвярнуўся ў прызыўную камісію з просьбай даць яму магчымасьць прайсьці альтэрнатыўную службу з прычыны веры. Заяву верніка адхілілі, паколькі ў краіне да гэтага часу няма закону пра такую службу.

Спадар Смык адмовіўся браць позву на прызыў у войска з рэлігійных перакананьняў. Ён нават пісьмова паведаміў пра гэта гарадзкому ваенкаму. Аднак ваенкамат зьвярнуўся ў пракуратуру з заявай, што Дзьмітры Смык ухіляецца ад вайсковай службы. Так і ўзьнікла крымінальная справа супраць верніка.

Судзьдзя Алена Цалкова, якая нанова разглядае крымінальную справу супраць Дзьмітра Смыка, вырашыла зрабіць перапынак у судовым паседжаньні. У панядзелак, 31 траўня, абвінавачаны вернік скажа сваё апошняе слова і пасьля гэтага ўжо будзе абвешчаны прысуд.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства