У Магілёве змагаюцца за беларускамоўнае школьніцтва
https://spring96.org/be/news/33174
2010
2010-04-14T09:57:00+0300
2010-04-14T09:57:00+0300
1970-01-01T03:00:00+0300
be
https://spring96.org/files/images/sources/bel_mova.jpg
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
14 красавіка ў магілёўскім тэхналягічным парку зьбяруцца бацькі будучых беларускамоўных першаклясьнікаў. На сходзе яны дамовяцца, як будуць дзейнічаць 23 красавіка на сустрэчы з чыноўнікамі гарадзкога аддзелу адукацыі.
Сход ініцыявалі бацькі, дзеці якіх цягам апошніх трох гадоў наведвалі адзіную ў Магілёве беларускамоўную групу дзіцячага садка №81. Першага верасьня яе гадаванцы стануць першаклясьнікамі. Бацькі мусяць вызначыцца, якая школьная будучыня будзе ў іх дзяцей.“Нам трэба скаардынавацца, каб ведаць, калі будзе адна кляса, то ці пойдуць туды людзі з розных раёнаў, на чым мы будзем настойваць ды ўласна колькі нас”, - зазначае адзін з ініцыятараў літаратар Аляксей Бацюкоў.
Цяпер у Магілёве няма ніводнай клясы зь беларускай мовай навучаньня. Летась чыноўнікі абяцалі, што гатовыя да адкрыцьця такой клясы нават з адным вучнем. Летась ахвотнікаў вучыцца па беларуску не знайшлося. Вучыць першаклясьнікаў па-беларуску зьбіраліся ў восьмай магілёўскай школе. Яна знаходзіцца ўдалечыні ад многіх гарадзкіх раёнаў.
“Гарана кажа: у нас няма бацькоў, якія хочуць аддаваць дзяцей у беларускамоўную клясу. Мы нават на сваім сайце напісалі, што зьвяртайцеся да нас. Але што гэта азначае? Бацька, які прыходзіць у аддзел адукацыі, у яго ніхто не пытае, на якой мове ён хоча навучаць сваё дзіця. Наагул сам блянк заявы не ўтрымлівае словаў “Мова навучаньня”. Там проста “Прашу прыняць у школу”. А калі мы хочам беларускамоўную школу, то павінны дадаткова дапісваць – “Прашу прыняць у школу зь беларускай мовай навучаньня”. Таму й ніхто ня ведае, колькі тых бацькоў, якія хацелі б аддаваць сваіх дзяцей у школы зь беларускай мовай навучаньня”, – даводзіць Аляксей Бацюкоў.
-
Як кажа спадар Бацюкоў чыноўнікі такім чынам пазбаўляюць бацькоў іх права выбару. Такую заганную практыку неабходна мяняць.
Будучая першаклясьніца Ялінка Салаўёва – гадаванка згаданай беларускамоўнай групы. Яе бацькі маюць катэгарычную пазыцыю адносна мовы навучаньня.
“Мая сям’я стаіць на тым, што мы будзем дамагацца адкрыцьця беларускамоўнай клясы незалежна ад колькасьці вучняў у больш даступным месцы, а ня на ўскрайку гораду”, - заяўляе Зьміцер Салаўёў.
У мінулым навучальным годзе на Магілёўшчыне было 455 школ. Зь іх, паводле ўправы адукацыі аблвыканкаму, 206 — расейскамоўныя. Усе беларускамоўныя школы – на вёсцы. Штогод іх становіцца ўсё меней. Летась зачыніліся трынаццаць малакамплектных беларускамоўных школ у чатырох раёнах вобласьці. Адна кляса зь беларускай мовай навучаньня ёсьць у райцэнтры Горкі. У мясцовай чацьвёртай школе ў шостай клясе вучацца пяцёра школьнікаў.
Бацькоўскі сход па пытаньні беларускамоўнага школьніцтва ў Магілёве адбудзецца а 16 гадзіне ў аўдыторыі № 806 тэхналягічнага парку. 23 красавіка а 16 гадзіне ў магілёўскай гімназіі №3 бацькі сустрэнуцца з супрацоўнікамі гарадзкога аддзелу адукацыі.