viasna on patreon

Натальля Радзіна зьвярнулася ў пракуратуру

2010 2010-03-17T20:13:41+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/radina_n.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Натальля Радзіна

Натальля Радзіна

Сёньня пасьля тэрмінова скліканай прэс-канферэнцыі з нагоды павальных ператрусаў і канфіскацый оргтэхнікі ў незалежных журналістаў і грамадзкіх актывістаў рэдактарка сайту Хартыі-97 Натальля Радзіна зьвярнулася са скаргай у пракуратуру на неправамоцныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі.

У Наталлі Радзінай гематома над правым вокам, якую яна ўчора атрымала ад чалавека ў цывільным, калі пяцёра невядомых з ужываньнем фізічнай сілы спрабавалі ўварвацца ў кватэру, дзе знаходзіцца офіс рэдакцыі сайта «Хартыі-97». Як высьветлілася пазьней - гэта былі супрацоўнікі міліцыі, пры сабе яны мелі санкцыю на вобшук, але чамусьці вырашылі адразу яе не паказваць, а менавіта ўварвацца ў кватэру.

Паколькі медыкі не сталі праводзіць судова-медыцынскую экспертызу без адпаведнага накіраваньня, сёньня журналістка зьвярнулася са скаргай на неправамоцныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі ў пракуратуру Ленінскага раёну Менску. Скарга ўжо зарэгістравана ў намесьніка пракурора, Натальле Радзінай выдадзена накіраваньне на судмедэкспертызу.

Падчас правядзеньня ператрусу ў рэдакцыі Хартыі-97 з парушэньнем працэсуальных нормаў канфіскаваныя 8 кампутараў: іх проста склалі ў пакункі для сьмецьця, не ўказаўшы серыйныя нумары ў пратаколе. Сьледчы катэгарычна адмовіўся зафіксаваць, што гэта за кампутары і серыйныя нумары кожнага з іх.

Як паведаміла Хартыя-97, зараз іх праца вельмі ўскладнілася. Выняцьце кампутараў яны звязваюць не з правядзеньнем экспертызы ў межах расьследваньня "паляўнічай справы", а лічаць мэтанакіраванай спробай улады перашкодзіць працы папулярнага сайту Байнэту і запалохаць як ягоных супрацоўнікаў, так і чытачоў.

Паколькі ў бліжэйшыя дні функцыянаваць у бесперабойным рэжыме будзе складана, рэдакцыя ўпэўнена, што здолее выйсьці з сітуацыі разам са сваімі прыхільнікамі і чытачамі.

Прапановы аб тэхнічнай дамамозе прымаюцца на электронны адрас charter97help@gmail.com.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства