Папсаванае свята
Студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў “Свяце беларускай мовы” прымусілі пісаць тлумачальныя запіскі наконт правядзення імпрэзы. Свята сёлета ўпершыню планавалася зладзіць афіцыйна і маштабна, аднак нечакана для арганізатараў, кіраўніцтва Палаца культуры МАЗ скасавала дамову.
Свята ўсё ж адбылося ў студэнцкай аўдыторыі, але пасля яго правядзення ў кіраўніцтва ўніверсітэта культуры паўсталі пытанні. Арганізатары не выключаюць, што імпрэзай зацікавіліся спецслужбы.
Свята беларускай мовы анансавалася, як маштабная дзея, што ўпершыню адбудзецца на афіцыйным узроўні. У Палацы культуры МАЗ павінна было прайсці ўзнагароджанне прадстаўнікоў самых розных прафесій, якія штодзённа сваім прыкладам садзейнічаюць развіццю і папулярызацыі беларускай мовы, а таксама канцэрт беларускіх выканаўцаў. У якасці госця меўся прыйсці міністр культуры Павал Латушка. Квіткі прадаваліся спраўна і заля на 700 месцаў мелася быць запоўненая. Але за два дні да пачатку, арганізатары раптам атрымалі адмову. Кажа адзін з іх – Кірыл Шык.
К.Шык: Нам проста сказалі, што канцэрту не будзе і ўсё. Значыць, квіткі мы будзем вяртаць.
Мерапрыемства ў тэрміновым парадку перанеслі ў аўдыторыю ўніверсітэта культуры, праўда зрабілі яго ў закрытым фармаце. У сувязі з гэтым адзін з арганізатараў – кампанія “Будзьма беларусамі” адмовілася ад далейшага ўдзелу ў акцыі. Каардынатар кампаніі Ніна Шыдлоўская палічыла гэтую сітуацыю дзіўнай і недарэчнай.
Н.Шыдлоўская: Ад маштабнага мерапрыемства выйгралі бы ўсе: і ўніверсітэт культуры, і Міністэрства культуры, і шырокая грамадскасць. Тым больш, што дзень роднай мовы святкуецца ва ўсіх краінах свету. Гэта бы ўзняла прэстыж нашых дзяржаўных і навучальных устаноў. Таму на нашу думку фармат быў абраны не зусім правільны. Верагодна, што гэта перасцярога самога ўніверсітэта з той нагоды, што ў падобным мерапрыемстве ўдзельнічае нейкая недзяржаўная кампанія.
Міністр Латушка ўсё ж наведаў мерапрыемства разам з кіраўніцтвам універсітэта культуры. Праўда, як сведчыць адзін з удзельнікаў імпрэзы Алег Хаменка, высокія госці не прамовілі ні слова.
А.Хаменка: Я звярнуў увагу, што прысутнічаў і міністр культуры, і рэктар універсітэту. Усе чакалі ад іх нейкай прамовы ці нейкай адзнакі гэтага мерапрыемства. Але заля гэтага не дачакалася. Гэта падалося крыху дзіўным.
П.Каралёў: Адкуль сыходзіла забарона мерапрыемства я не магу дакладна сказаць. Магчыма, што зацікавіліся пэўныя органы. На жаль, у нас свята беларускай мовы на шырокім прасторы адзначаць крыху баяцца, бо не ведаюць ва што яно выльецца.
Адзін з арганізатараў імпрэзы – Павал Каралёў быў адным з тых, каго пасля правядзення Свята беларускай мовы паклікалі ў адміністрацыю ўніверсітэта.
П.Каралёў: Прасілі даць тлумачальную наконт таго, чаму мы ўзяліся за дапамогу ў арганізацыі гэтага свята, хто далучыў да свята кампанію “Будзьма”. Мы далі справаздачу, што займаемся святам беларускай мовы ўжо шэсць год, а кампанію далучылі, бо цалкам падтрымліваем яе мэты і ідэі.
Арганізатары імпрэзы шкадуюць, што задуманае імі свята было сапсавана, але вераць, што раней ці пазней яны абавязкова адзначаць дзень роднай мовы маштабна і афіцыйна.