viasna on patreon

Следчы прапанаваў Тэрэсе Собаль закрыць справу з прычыны тэрміна даўнасці

2010 2010-02-25T12:45:42+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sajuz_paliakau_belarusi1.jpg

Дырэктара Дома польскага ў Івянцы Тэрэсу Собаль і бухгалтарку Рамуальду Мірон 24 лютага дапыталі ў Валожыне. Нагодай для гэтага стала справа 2004 года, паводле якой актывістка непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў на Беларусі «злоўжывала службовым палажэннем».

Старшыня следчага аддзелу Валожынскага РУУС падчас допыту прапанаваў Тэрэсе Собаль закрыць крымінальную справу з прычыны тэрміна даўнасці. Але спадарыня Собаль хоча, каб прычынай для гэтага стала адсутнасць саставу злачынства, бо пагадзіцца на «тэрмін даўнасці», значыць прызнаць сваю віну, якой, паводле меркавання сяброў Саюза палякаў, няма.

– Гэты допыт звязаны з абсалютна надуманай і безпадстаўна ўзбуджанай крымінальнай справай, – распавёў «Салідарнасці» актывіст апальнага СПБ Анджэй Пачобут. – У 2004 годзе 16 дарэктароў Дамоў польскіх у Беларусі атрымалі дапамогу ад Саюза палякаў, а зараз да адной з іх у праваахоўчых органаў з’явіліся прэтэнзіі. Быццам бы, злоўжываючы сваім службовым палажэннем, спадарыня Тэрэса атрымала гэтую грашовую дапамогу. Нягледзячы на тое, што аперацыі праводзіліся праз банк, абсалютна легальна, а рашэнне аб гэтым прымала тагачаснае кіраўніцтва Саюза палякаў. Усе подпісы і пячаткі там у парадку. Але гэта адзінае, за што змаглі зачапіцца беларускія ўлады.

Паводле словаў суразмоўцы, нават «калі ўявіць, што нейкае парушэнне і ёсць, то трэба ўлічваць яшчэ такую рэч як тэрмін даўнасці»:

– У дадзеным выпадку, ён ужо даўно прайшоў. Крымінальная справа, якую не мелі права нават узбудзіць, зараз працягваецца.

Допыт Тэрэсы Собаль і завядзенне крымінальнай справы можна разглядаць як працяг актыўных дзеянняў беларускіх уладаў да неафіцыйнага СПБ. Міжнародная грамадскасць пільна сочыць за падзеямі ў Беларусі. Як паведамляе «БелаПАН», кіраўнік Еўрапарламента Ежы Бузек пасля сустрэчы з лідэрам руху «За свабоду» Аляксандрам Мілінкевічам і старшынёй неафіцыйнага Саюза палякаў на Беларусі Анжалікай Борыс заявіў, што на праблему польскай меншасці ў Беларусі трэба глядзець шырэй:

– Ціск аказваецца на ўсю беларускую апазіцыю, за незалежныя арганізацыі, на нацыянальныя меншасці, сярод каторых польскай меншасць у гэты час самая пакрыўджаная, і трэба зрабіць усё, каб абараніць яе правы. Калі мы хочам вырашыць гэтую праблему, то павінны казаць таксама і пра пагрозы для дэмакратыі, дэмакратычных свабод, для незалежных арганізацый.

Паводле Бузека, Еўрапарламент прыме рэзалюцыю па Беларусі, калі больш глыбока азнаёміцца з існуючай сітуацыяй. Гэтаму павінен паспрыяць візіт у Мінск 25 лютага дэлегацыі Еўрапарламента. Рэзалюцыя па Беларусі будзе разглядацца падчас пленарнай сесіі 8-11 сакавіка ў Страсбургу.

– На жаль, так сёння выглядае беларуская дзяржава, – падсумоўвае Анджэй Пачобут. – І, на жаль, усе гэтыя судовыя працэсы і крымінальныя справы паказваюць, у чым сутнасць канфлікта вакол Саюза палякаў. Беларускія ўлады гавораць, што гэта дзве фракцыі (маюцца на ўвазе афіцыйны Саюз палякаў і непрызнаны беларускімі ўладамі Саюз палякаў на Беларусі) змагаюцца між сабой. Гэтай другой фракцыі абсалютна нябачна, затое бачна дзяржаўныя органы, якія, выкарыстоўваючы свае ўладныя паўнамоцтвы, імкнуцца знішчыць нашу арганізацыю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства