Аршанскія ўлады правалілі экзамен на лібералізацыю
29 студзеня ў Оршы прайшло сумеснае паседжанне гарадскога выканкама і прэзідыума Савета дэпутатаў, на якім разглядалася пытанне фармавання гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі. Аднагалосна быў зацверджаны загадзя падрыхтаваны спіс з 13 сяброў камісіі, сярод якіх не аказалася ніводнага прадстаўніка апазіцыі. Варта нагадаць, што ў гэтую камісію былі вылучаны прадстаўнікі Партыі БНФ, "Справядлівы свет", БСДП і АГП. Іх вылучэнцы нават не былі пастаўлены на галасаванне. Затое ў зацверджаным спісе знайшлося месца для сяброў КПБ, "Белай Русі", БРСМ, арганізацыі ветэранаў, афіцыйных прафсаюзаў і шэрагу працоўных калектываў.
Не ўключаны прадстаўнікі апазіцыі і ў Аршанскую раённую тэрытарыяльную камісію. Туды былі вылучаны прадстаўнікі БСДП і партыі "Справядлівы свет". Тут сумеснае паседжанне прэзідыума райсавета і райвыканкама прайшло з парушэннем выбарчага заканадаўства ў таямніцы ад асобаў, якія былі прапанаваны ў склад камісіі, хаця яны прасілі супрацоўнікаў райвыканкама апавясціць іх пра час і месца правядзення гэтага паседжання. Склад раённай камісіі нічым прынцыпова не адрозніваецца ад гарадской - усё тыя ж КПБ, БРСМ, "Белая Русь" і г.д.
Такім чынам, першы экзамен на дэмакратыю аршанскія ўлады з трэскам правалілі.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"