Талачынскія дэмакраты ў тэрытарыяльныя камісіі сваіх прадстаўнікоў не вылучалі, а ў кандыдаты ісці збіраюцца
Грамадска-палітычныя сілы Талачынскага раёна сур'ёзна рыхтуюцца да барацьбы за дэпутацкія мандаты на маючых адбыцца выбарах у мясцовыя Саветы. У Талачыне дэмакратычныя сілы прадстаўлены партыяй "Справядлівы свет", жаночай партый "Надзея" і Партыяй БНФ. Як паведаміў каардынатар АДС Талачынскага раёна Мікалай Петрушэнка, на сённяшні дзень падрыхтавана 15 прэтэндэнтаў у кандыдаты Талачынскага райсавета (усяго 32 месцы), плануецца таксама закрыць усе 12 акруг у Коханаўскі пасялковы Савет і вылучыць дваіх прэтэндэнтаў у кандыдаты Віцебскага абласнога Савета.
Зараз талачынскія актывісты заняты фармаваннем каманд будучых кандыдатаў, навучаннем іх нормам дзеючага выбарчага заканадаўства. У тэрытарыяльныя камісіі арганізацыі, якія ўваходзяць у Талачынскі АДС, прадстаўнікоў не накіроўвалі. Аднак яны разлічваюць накіраваць сваіх вылучэнцаў ва ўчастковыя камісіі.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"