viasna on patreon

Службе няма замены. Толькі турма

2010 2010-01-29T08:58:11+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У судзе Менскага раёну сёньня пачынаецца суд у крымінальнай справе верніка Івана Міхайлава. Хлопца абвінавачваюць ва ўхіленьні ад вайсковай службы. Івана затрымалі 20 сьнежня і дагэтуль трымаюць пад вартай. Яму пагражае паўгода арышту.

У суд Менскага раёну прыйдзе шматдзетная сям’я Івана Міхайлава, а таксама ягоныя сябры і вернікі з габрэйска-мэсіянскай суполкі. Іван разьлічваў на рэзэрвовую службу. У ваенкамаце, які ён неаднойчы наведваў разам са сваімі бацькамі, яму абяцалі станоўча вырашыць гэтае пытаньне, калі будзе даведка аб тым, што яго патрабуюць на працы.
Сваякі Івана Міхайлава неаднойчы зьвярталіся ў ваенкамат, Міністэрства абароны і адміністрацыю кіраўніка краіны.
Маці Івана Міхайлава распавяла, што ў сям’і сямёра дзяцей. Бацькі былі ўпэўненыя, што Івану дадуць магчымасьць служыць у рэзэрве, Але аднойчы каля дома спыніўся джып. Адтуль выбеглі людзі ў цывільным, схапілі брата Івана 16-гадовага Ільлю і адвезьлі ў сельсавет. Толькі, калі высьветлілася, што не таго затрымалі, брата адпусьцілі.
20 сьнежня Івана затрымалі ў салігорскім гатэлі. Ён працаваў рамонтнікам катлоў і быў у Салігорску па працы. Адтуль хлопца адвезьлі ў Жодзінскі сьледчы ізалятар.
Вайсковы камісар Менскага раёну палкоўнік Сяргей Глябовіч казаў «Свабодзе», што Іван паводле сваіх маральных якасьцяў не падыходзіць да рэзэрвовай службы. І дадаў, што яму паведамілі, што Іван ставіў намёты на плошчы і, увогуле, моладзевы актывіст.
Вайсковы камісар паведаміў, што такіх, як Іван у ваенкамаце 16 чалавек і іх справы таксама накіравалі ў пракуратуру.
Моладзевыя актывісты дэмакратычнага руху летась распачалі кампанію за альтэрнатыўную вайсковую службу. Яны для маніторынгу накіравалі каля 2 тысяч лістоў у хосьпісы ды іншыя сацыяльныя ўстановы краіны. Высьветлілася, што ў Беларусі шмат месцаў для правядзеньня альтэрнатыўнай вайсковай службы.
Актывіст кампаніі Міхаіл Пашкевіч паведаміў “Свабодзе”:
“Нашу кампанію падтрымлівае ўсё больш і больш маладзёнаў, якія хочуць выбіраць паміж вайсковай і альтэрнатыўнай службай. Адбудзецца суд над Іванам Міхайлавым. Ён будзе змагацца, бо ў яго на гэта ёсьць пэўныя прычыны. Мы бачым, што хлопцы з пратэстанцкіх суполак апынуліся пад пагрозай. Гэта адмоўны момант, але зь іншага боку, але старшыня Канстытуцыйнага суду паведаміў, што закон мусіць быць прыняты. Таму кампанія мае посьпех”.
Сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня БХД Павал Севярынец выказаў сваё меркаваньне:
“Многія вернікі адмаўляюцца служыць у войску. Для іх аўтарытэт пастара і слова Божага вышэй за дзяржаву. Іх нельга прымушаць браць у рукі зброю, бо гэта парушэньне закону аб свабодзе сумленьня. Дзяржава абавязана гарантаваць альтэрнатыўную службу, але сьвядома не прымае адпаведнага закону. Яе пазыцыя – “ламаць” людзей з альтэрнатыўнымі поглядамі”.

ПЦ "Вясна" нагадвае, што судовы працэс распачынаецца 29 студзеня (пятніца) аб 11 гадзіне ў судзе Менскага раёна (Лагойскі тракт, 5). Справу будзе разглядаць судзьдзя Мініч А.Н.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства