viasna on patreon

Сьнягуркі спрабавалі перадаць заяву ў парлямэнт (фота)

2009 2009-12-22T17:28:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dzed_maroz.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзед Мароз зачытаў заяву

Дзед Мароз зачытаў заяву

Сьнягуркі і навагоднія зайцы спрабавалі аднесьці ў парлямэнт заяву з патрабаваньнем скасаваць артыкул 193.1 Крымінальнага Кодэксу. Аднак на падыходзе да будынку парлямэнту група невядомых у цывільным перашкодзіла ўдзельнікам гэпэнінгу. У Дом ураду прарвалася адзіная Сьнягурка і два праваабаронцы.

Першапачаткова плянавалася, што 14 Сьнягурак, 5 навагодніх зайцоў і адзін дэлегаваны прадстаўнік дзедамарозаўскага руху зарэгіструюць у законным парадку заяву да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Сьнягурак і іх спадарожнікаў-зайцаў да ўдзелу ў гэпэнінгу падштурхнула пагроза арышту Дзядоў Марозаў.

Як вядома, дэпутаты сышлі на вакацыі, нават ня ўзьняўшы пытаньня аб скасаваньні артыкула 193.1 КК РБ. Хоць абяцаньні аб магчымай адмене крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі гучалі неаднаразова. Гэта значыць, што Дзяды Марозы як сябры незарэгістраванай Мін’юстам арганізацыі могуць трапіць за краты. А бязь іх, як вядома, Новы год можа й не пачацца.

Каля будынка Дому ўраду дарогу ўдзельнікам акцыі перакрылі нявядомыя ў цывільным. Пасьля працяглых перамоваў з праваахоўнікамі ў будынак парлямэнту прапусьцілі Сьнягурку Алёну Валынец у суправаджэньні праваабаронцаў Валера Шчукіна і Паўла Левінава. У парлямэнцкім холе, як распавёў Валер Шчукін, на яго наляцелі тры асобы ў цывільным і пачалі зьбіваць.

Прадстаўнічцы Сьнягурак Алёне Валынец зарэгістраваць заяву ў прадугледжаным па законе парадку не дазволілі. У выніку, Сьнягурка была вымушаная кінуць дакумэнт у паштовую скрыню ў будынку парлямэнту.

У заяве, падрыхтаванай Сьнягуркамі пры суаўтарстве зайцоў, адзначалася: “У сувязі з надыходам Калядаў і Новага Году грамадзкасьць Беларусі занепакоеная магчымымі арыштамі Дзядоў Марозаў, Сьнягурак, хлопчыкаў-зайчыкаў і дзяўчынак-сьняжынак, у зьвязку з тым, што супольная дзейнасьць грамадзянаў  па арганізацыі сьвяткаваньняў можа разглядацца праваахоўнымі органамі як  злачынства, прадугледжанае артыкулам 1931 Крымінальнага кодэксу “Незаконныя арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі альбо фонда ці ўдзел у іх дзейнасьці”.

Імправізаваная прэс-канфэрэнцыя з адзіным у групе Дзедам Марозам адбылася проста на плошчы Незалежнасьці. Цягам мерапрыемства ўдзельнікі шэсьця запатрабавалі ад дэпутатаў скасаваць ганебны артыкул 193.1 і выключыць зь іншых актаў заканадаўства забароны на дзейнасьць незарэгістраваных аб’яднаньняў.

Між іншага, першыя трывожныя сыгналы адносна забароны дзедамарозаўскай справы днямі паступілі зь Віцебску. Гарадзкія ўлады забаранілі тамтэйшаму прадстаўніку БХК і па сумяшчальніцтву Дзеду Марозу Паўлу Левінаву раздаваць падарункі напярэдадні Новага году.

Сьнягурка Алёна Валынец сьцьвярджае, што, нягледзячы на ўсе заканадаўчыя абмежаваньні, сьветлая місія Дзядоў Марозаў будзе працягвацца.

Акцыя адбылася ў межах кампаніі «Стоп 193.1!», ініцыяванай Асамблеяй НДА Беларусі. Нагадаем, за 4 гады паводле артыкулу 193.1 КК РБ (“Незаконная арганізацыя дзейнасьці аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонда, альбо ўдзел у іх дзейнасьці”) былі асуджаныя 17 чалавек.

У лістападзе Генэральная пракуратура не зразумела гумару Дзядоў Марозаў, якія прасілі даць прававую ацэнку іхняй нелегальнай дзейнасьці. У афіцыйным адказе органу нагляду паведамлялася: у выпадку выяўленьня зьвестак аб сыстэматычным удзеле ў незарэгістраванай арганізацыі, група Дзядоў Марозаў будзе прыцягнутая да адказнасьці.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства