Каля ААН беларусы зладзілі чарговы пікет
6 снежня ля цэнтральнага офіса Арганізацыі Аб'яднаных Нацый адбыўся пікет у падтрымку людзей, якія на Беларусі змагаюцца за дэмакратызацыю краіны і супраць самавольства ўлады.
Падчас акцыі ў Нью-Йорку ўзгадалі імёны зніклых без вестак палітыкаў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, бізнэсмэна Анатоля Красоўскага і журналіста Зміцера Завадскага. Смерці журналістаў Веранікі Чаркасавай і Васіля Гроднікава таксама не даследуюцца праваахоўнымі органамі.
Больш за 40 удзельнікаў пікету каля ААН выказалі словы падтрымкі людзям, якія на Беларусі працягваюць весьці барацьбу за дэмакратызацыю краіны, за культурніцкае і духоўнае развіццё Радзімы, за шанаванне беларускай мовы ды гісторыі і лепшую долю беларусаў.
Скончылася мерапрыемства ў Нью-Йорку ўжо традыцыйным спяваннем беларускіх гімнаў "Пагоня" і "Магутны Божа", паведамляе прэс-служба Беларускага Моладзевага Руху Амерыкі.