viasna on patreon

Пытанне адмены артыкула 193-1 застаецца адкрытым, канстатуюць праваабаронцы

2009 2009-12-01T19:27:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/193logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь паведаміла пра магчымасць дэкрыміналізацыі артыкула 193-1 Крымінальнага кодэксу. Але прадстаўнікі праваабарончай супольнасці краіны адзначаюць, што перанос адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў з крымінальнага заканадаўства ў сферу адміністратыўнага цалкам праблемы не вырашае. 

Паведамленне Камісіі па нацыянальнай бяспецы ПП НС РБ з’яўляецца адказам на заяву юрыста-праваабаронцы з Берасцейскай вобласці Уладзіміра Малея.

- У сувязі з тым, што ўлады не рэгіструюць праваабарончыя аб’яднанні “Вясна” і “Берасцейская вясна”,  я як заснавальнік гэтых арганізацыяў вымушаны быў звярнуцца ў Палату прадстаўнікоў з просьбай разгледзець пытанне пра неадпаведнасць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь артыкулу 193-1 КК РБ. Таксама я прасіў Камісіію Палаты прадстаўнікоў звярнуцца ў Канстытуцыйны суд з тым, каб гэты артыкул прызнаць неканстытуцыйным і ў далейшым не прымяняць яго ні ў крымінальным заканадаўстве, ні ў адміністратыўным, - патлумачыў сутнасць сваёй заявы праваабаронца.

У адказе за подпісам Старшыні Пастаяннай камісіі Гумінскага паведамляецца, што на дадзены момант “вывучаюцца ўмовы дэкрыміналізацыі асобных крымінальных здзяйсненняў (у тым ліку і прадугледжаных артыкулам 193-1 КК)”. Пры гэтым разглядаецца магчымасць толькі пераносу “пэўных нормаў крымінальнага заканадаўства ў сферу адміністратыўнага”.

- Такім чынам, мне паведамілі, што ў бліжэйшыя часы Палата прадстаўнікоў будзе разглядаць пытанне не пра скасаванне, а пра дэкрыміналізацыю гэтага артыкула. То бок, адказнасць будзе пераведзеная ў стан адміністратыўнай. Я думаю, што за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі будуць вельмі вялікія штрафы, з чым не магу пагадзіцца. Таму гэты адказ я прыкладу да заявы ў Канстытуцыйны суд  і як грамадзянін буду прасіць суд разгледзець пытанне пра неадпаведнасць  крымінальнага артыкула 193-1 Канстытуцыі РБ, - распавёў пра свой намер У.Малей.

На думку ж сп.Гумінскага, зварот у Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь “з’яўляецца заўчасным”.

Праваабаронцы прытрымліваюцца адваротнага меркавання. Як падкрэслівае сябра ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч, гэты крымінальны артыкул не адпавядае не толькі Канстытуцыі, але і міжнародным прававым дакументам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь.

- І Праваабарончы цэнтр “Вясна” і іншыя прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі лічылі і лічым, што артыкул 193-1 не адпавядае ні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, ні Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Што датычыцца пераносу яго ў адміністратыўную сферу, то трэба адзначыць, што адміністратыўная адказнасць за дзейнасць незарэгістраваных арганізацыяў таксама, на нашую думку, не вырашае пытання канчаткова. Забарона на дзейнасць незарэгістраваных арганізацыяў павінна быць знятая ў прынцыпе. Паколькі наша Канстытуцыя дакладна фармулюе абмежаванні ў ажыццяўленні свабоды асацыяцыяў у Беларусі. Там напісана, што недапушчальная дзейнасць арганізацыяў і палітычных партыяў, якія прапагандуюць гвалт, расавую, рэлігійную, сацыяльную варожасць. Адпаведна, дзейнасць толькі такіх арганізацыяў можа быць забароненая ў Беларусі, - кажа В.Стэфановіч.

Дарэчы, у адказе У.Малею між іншым паведамляецца, што “узнікла неабходнасць абагульнення судова-следчай практыкі і падрыхтоўкі прапановаў па ўдасканаленні заканадаўства ў гэтай сферы”. Але на сёння, нягледзячы на падобныя заявы ўладаў, пытанне адмены артыкула 193-1 застаецца адкрытым, сцвярджае В.Стэфановіч:

- Мы пакуль нічога не чулі пра тое, што падрыхтаваны нейкі законапраект пра змены у Крымінальным кодэксе, адмену артыкула 193-1 і унясенне адпаведных зменаў у адміністратыўны кодэкс. Таму пакуль што пытанне адмены гэтага артыкула застаецца адкрытым.

Паводле інфармацыі ПЦ “Вясна”, паведамленне Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў -  гэта ўжо чацверты афіцыйны адказ на пытанне адносна адмены і дэкраміналізацыі артыкула 193-1. Упершыню пра разгляд пытання пра адмену 193-1 ці яго замену на адміністратыўную адказнасць намеснік міністра юстыцыі Тушынскі паведаміў сябрам зарэгістраванай у Чэхіі  арганізацыі “За вольную Беларусь” у адказе на іх зварот у міністэрства. Затым гэтая інфармацыя была агучаная прадстаўніком мінюсту Сліжэўскім на канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні ў верасні гэтага году. Пра магчымасць адмены гэтага крымінальнага артыкула казала і першая намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч падчас сустрэчы з экспертамі, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы універсальнага перыядычнага дакладу.

- Мы і надалей будзем уважліва сачыць за сітуацыяй і спадзяемся, што наступным крокам уладаў стане адмена адказнасці за дзейнасць незарэгістраваных арганізацыяў у прынцыпе. І беларускія няўрадавыя арганізацыі, якія ў межах Асамблеі НДА зараз праводзяць кампанію “Стоп 193-1”, будуць змагацца да перамогі – калі гэты артыкул будзе адменены і выняты з дзеючага Крымінальнага кодэксу, - дадаў В.Стэфановіч.         

Паводле інфармацыі Асамблеі НДА, агулам за перыяд 2006-2009 гг. праваабаронцам вядома пра 17 асобаў, асуджаных па артыкуле 193-1 за дзейнасць незарэгістраваных аб’яднанняў. Апраўдальных прысудаў зафіксавана не было.

 

Копія адказу Камісіі па нацыянальнай бяспецы ПП НС РБ на заяву Уладзіміра Малея

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства