Мікаля Аўтуховіча абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэракту
Інфармацыю пра тое, што прадпрымальніку з Ваўкавыску Мікалаю Аўтуховічу выставілі абвінавачаньне ў падрыхтоўцы да тэрарыстычнага акту, пацьвердзіў Радыё Свабода ягоны адвакат Павел Сапелка. Адвакат быў нешматслоўны, спаслаўшыся на падпіску, якую даў сьледчым.
“Скажам так, я не абвяргаю гэтых зьвестак. Што да прозьвішчаў асобаў, на якіх, паводле сьледзтва, нібыта рыхтаваў замах мой падабаронны, адкажу наступнае. Цяпер не зьявілася ніякіх новых прозьвішчаў, апрача тых, якія раней ужо былі ў друку у сувязі з гэтай справай”, – сказаў адвакат Павел Сапелка.
Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч быў арыштаваны 8 лютага з абвінавачаньня ў падпале дому міліцыянта ў Ваўкавыску. Улетку зьявіліся зьвесткі, што прадпрымальніка падазраюць таксама ў рыхтаваньні тэрактаў супроць старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі і намесьніка міністра падаткаў і збораў Васіля Камянка. Вядома, што Мікалай Аўтуховіч сваёй віны паводле гэтых абвінавачаньняў не прызнае. Цягам трох месяцаў прадпрымальнік трымаў галадоўку, пратэстуючы супроць перасьледу, які тлумачыць помстай за антыкарупцыйную дзейнасьць.