viasna on patreon

“Міжнародная амністыя” прызнала Ігара Коктыша вязьнем сумленьня

2009 2009-11-12T10:03:17+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/4b20d01f-81a1-4682-861a-bd296426242f_mw270_s.jpg
Фота \"Радыё Свабода\"

Фота \"Радыё Свабода\"

Праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала беларускага грамадзяніна, якога ўтрымліваюць у сімфэропальскім сьледчым ізалятары, вязьнем сумленьня. 30-гадовы Ігар Коктыш абвінавачваецца беларускай пракуратурай у наўмысным забойстве. Ад 25 чэрвеня 2007 году ён знаходзіцца ў СІЗА на тэрыторыі Ўкраіны і чакае экстрадыцыі.

“Міжнародная амністыя” зьвярнулася да ўкраінскіх уладаў з просьбай не выдаваць беларускаму боку Ігара Коктыша.

Крымінальную справу супраць баранавіцкага музыкі і стваральніка гуманітарнай асацыяцыі імя сьвятога Яна Боска распачалі ў студзені 2001 году. Яго абвінавацілі ў забойстве сваяка блізкага сябры.

Лідэр гурту “Млечны шлях” дзесяць месяцаў правёў у баранавіцкім СІЗА.

Ён казаў, што там яго катавалі, пакідаючы голага ў халоднай камэры, не даючы лекаў супраць астмы, і часта зьбівалі. 7 сьнежня 2001 году Берасьцейскі раённы суд прызнаў яго невінаватым. На судзе сьведкі казалі, што на момант забойства Ігар быў у іншым горадзе.

У красавіку 2002 году пракуратура апратэставала рашэньне і вярнула справу на перагляд у Берасьцейскі суд.

Ігар Коктыш у той час ужо знаходзіўся ва Ўкраіне і вырашыў не вяртацца на радзіму, памятаючы баранавіцкі ізалятар.

Ва Ўкраіне яго затрымалі тамтэйшыя міліцыянты і 25 чэрвеня 2007 году зьмясьцілі ў камэру Сімфэропальскага СІЗА да экстрадыцыі ў Беларусь.

 

“Ігар Коктыш ня быў сябрам “Маладога фронту”. Мы зь ім незнаёмыя. Натуральна, што цяжка даваць нейкае меркаваньне аб ягонай справе, аб ім самім, -- кажа  лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч.-- Сам жа ягоны ад’езд сьведчыць аб тым, што ў Беларусі людзі папросту ня вераць у беларускае правасудзьдзе, мажлівасьць абараніць сябе. Ня вераць, што будзе адкрытае і празрыстае расьсьледаваньне фактаў”.

У кастрычніку 2007 году Эўрапейскі суд па правах чалавека забараніў Украіне перадаваць арыштаванага беларускаму боку, а “Міжнародная амністыя” адначасова правяла акцыю тэрміновай дапамогі, зьвярнуўшыся да ўкраінскіх уладаў з патрабаваньнем не дазволіць экстрадыцыю. Украінская хрысьціянская інтэрнэт-супольнасьць стварыла адмысловы сайт у падтрымку Ігара Коктыша.

У 2008 ва Ўпраўленьне Вярхоўнага Камісара ААН у справах уцекачоў зьвяртаўся Аляксандар Мілінкевіч з просьбай паспрыяць Ігару Коктышу ў прадстаўленьні ва Ўкраіне статуса палітычнага ўцекача.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства