У справе Аўтуховіча – новы падазраваны
Чацьвёртым падазраваным па справе Ваўкавыскага прадпрымальніка стаў жыхар Горадні Міхаіл Казлоў.
Пра гэта стала вядома з дакумэнту аб працягу сьледзтва па справе да 8 лістапада,– паведаміў “Свабодзе” праваабаронца Алег Волчак.
Хто такі спадар Казлоў і якое ён мае дачыненьне да справы, пакуль невядома. Няясна таксама, ці ён затрыманы.
Цяпер па Ваўкавыскай справе праходзяць 4 падазраваныя: Мікалай Аўтуховіч, Уладзімер Асіпенка, Аляксандар Ларын і Міхаіл Казлоў.
Іх абвінавачваюць ў падпале дома міліцыянта ў Ваўкавыску. Мікалай Аўтуховіч, як і ягоныя сябры, вінаватым сябе не прызнае. З 16 красавіка па 16 ліпеня прадпрымальнік трымаў галадоўку пратэсту. Празь некалькі дзён пасьля таго, як Аўтуховіч спыніў галадоўку, МУС распаўсюдзіў зьвесткі, паводле якіх прадпрымальнік фігуруе яшчэ ў адной крымінальнай справе — аб падрыхтоўцы замаху на старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку і намесьніка міністра падаткаў і збораў Віктара Камянко.