Ці адменяць ганебны артыкул Крымінальнага кодэкса?
Міністэрства юстыцыі Беларусі пацвярджае намер уладаў скасаваць артыкул 193 прым Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Днямі зарэгістраванае ў Чэхіі Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Грамадзянская Беларусь” атрымала ліст за подпісам намесніка міністра юстыцыі Ігара Тушынскага.
Гэты дакумент ёсць пэўным адказам на заклік арганізацыі да беларускіх уладаў скасаваць артыкул, адмены якога патрабуюць у тым ліку і міжнародныя правабарончыя арганізацыі. З адказу Міністэрства юстыцыі вынікае, што на дадзены момант кампетэнтнымі органамі вывучаецца пытанне ўнясення зменаў у нарматыўныя дакументы, што рэгулююць дзейнасць структур грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. У тым ліку аналізуюцца палажэнні, датычныя дзейнасці ад імя незарэгістраваных палітычных партый і іншых грамадскіх арганізацый. У прыватнасці, у дакуменце пазначаецца наступнае: “На дадзеным этапе мяркуецца выключыць з артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса норму пра адказнасць за арганізацыю дзейнасці альбо ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі альбо фонда, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю, змяніўшы крымінальную адказнасць за гэтыя дзеянні на адміністратыўную адказнасць”.
Сябра рады Праваабарончага грамадскага аб’яднання “Наша вясна” Валянцін Стэфановіч нагадвае, што ў папярэднім Кодэксе аб адміністратыўных правапарушэннях (да ўступлення ў сілу новага КаАП) ужо была прадугледжана адказнасць за дзеянне ад імя незарэгістраванай арганізацыі ў выглядзе штрафу альбо адміністратыўнага арышту да 15 сутак.
Па словах юрыста, скасаванне артыкула 193-1 КК змяніла б сітуацыю ў краіне карэнным чынам. Хаця адносна адміністратыўнай адказнасці Валянцін Стэфановіч адзначае, што трэба паглядзець, якім чынам будзе сфармуляваны гэты артыкул. У прынцыпе, адказнасць за дзеянне ад імя незарэгістраванай арганізацыі, якая ні якім чынам не парушае законныя правы і інтарэсы грамадзянаў, не наносіць ніякай шкоды, юрыст таксама ліччыць неканстытуцыйнай. “Але выняццё гэтага артыкула з Крымінальнага кодэкса мы б, натуральна, віталі”, - падкрэсліў праваабаронца.
Нагадайма, што з моманту, калі ў 2006 годзе ўступіла ў дзеянне крымінальная адказнасць за дзейнасць у незарэгістраваных аб’яднаннях, па артыкуле 193-1 былі асуджаны 17 чалавек, а лідэр “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч быў прыгавораны да палутара гадоў пазбаўлення волі. Пры гэтым ніводнага апраўдальнага прысуду праваабаронцы не зафіксавалі да гэтага часу.