Праваабаронцы заяўляюць пра парушэньне чыноўнікамі Жодзіна права на беларускамоўную адукацыю
Мясцовыя ўлады Жодзіна сваімі дзеяньнямі ўжо другі раз за апошнія 4 гады пазбаўляюць вучня Гімназыі №1 Янку Лапіцкага права на атрыманьне бясплатнай абавязковай агульнасярэдняй адукацыі на беларускай мове. Каб падтрымаць інтарэсы бацькоў падлетка, Беларускі Гэльсынскі Камітэт накіраваў два адмысловыя звароты - у Пракуратуру й Міністэрства адукацыі.
Са спасылкаю на неабходнасьць эканоміі бюджэтных сродкаў Жодзінскі выканкам чарговы раз спрабуе прымусова перавесьці навучаньне беларускамоўнага Янкі на расейскую мову.
У 2004 годзе, сямья адмовілася ад падобных “паслугаў” дзяржавы й амаль 1 год і 2 месяцы несла страты з-за вымушанага самастойнага навучаньня сына ў хатніх умовах.
Адмена дыскрымінацыйнага рашэньня, зь якой стаўся магчымым працяг беларускамоўнай гімназычнай адукацыі Янкі, доўжылася з 18.10.2005 года.
Да першага верасьня дадзенае рашэньне можа быць яшчэ перагледжана без ускладненьня ў чарговы раз створанай уладам штучнай праблемы. Дырэкцыя шкоды пацьвердзіла сваю гатоўнасьць і надалей без праблемаў забясьпечваць неабходны ўзровень беларускамоўнай адукацыі па беларускамоўнай праграме.
Але, сытуацыя нагадвае бег па зачараванаму колу! Бо дырэктар будзе вымушаны практычна выконваць неправамернае рашэньне, у чым ані ён, ані бацькі й беларускамоўны вучань - не зацікаўленыя.
Вось і атрымліваецца, што ўся праблема - у самой магчымасьці прыняцьця ўладамі падобных рашэньняў. Улады безсаромна працягваюць парушаць правы й свабоды беларукамоўных гармадзянаў і іхных дзяцей, бо за гэта ніхто яшчэ ні воднага разу не панёс аніякай адказнасьці. Наяўнае становішча разбэшчвае чыноўнікаў, якія абавязаны не парушаць правы грамадзянаў краіны, а зусім наадварот - забясьпечваць усе наледжныя ўмовы для іхнага зьядзйсьненьня й гарантавана выконваць.
Акрамя таго, вялікую шкоду падобныя рашэньні аказваюць на сам працэс абраньня бацькамі мовы навучаньня для ўласных дзяцей. Падобныя адносіны ўлады дыскрэдытуюць дзейсныя палажэньні праграмы Мінадукацыі, скіраваныя на пашырэньне ўжытку беларускай мовы навучаньня ў адукацыйных асяродках, падрываюць давер грамадзянаў да атрыманьня адукацыі на роднай мове.
Вось так і атрымліваецца, што адна рука быццам бы дае, а другая - безсаромна й нахабна аднімае, абірае беларускі народ, пазбаўляючы яго спадчыны, адметных рысаў і здабыткаў - будучыні.
Сапраўды, усё выглядае як сьвядомае шкодніцтва, якое мае даволі прадказальныя й празрыстыя мэты. Цэлы спэктар мэтаў. Аднак, усе яны - альбо неправамерныя, альбо дэструктыўныя. Спасылка на пошук такім чынам эканоміі сродкаў - абсурдная. Бо любая эканомія з парушэньнем права - ёсьць неправамерным дзеяньнем, за якое мусіць наступаць адпаведная адказнасьць па законе.
Вядома, што ў такіх умовах нельга чакаць, што працэс беларускамоўнай адукацыі будзе станавіцца масавым. Бо бацькі ў першую чаргу шукаюць стабільныя й якасныя, прыярытэтныя адукацыныя асяродкі, у якіх дзеці ў нармальных спакойных умовах (без вядомых ужо экспэрымэнтаў) маглі б атрымаць належную адукацыю. А выглядае такім чынам, што гэтага ўпарта не жадае кіраўніцтва выканкаму. Бо дзеяньні мясцовае ўлады, як паказвае практыка ў Жодзіне, маюць сыстэматычны, асэнсаваны ды мэтаскіраваны характар.
У сувязі з дазенай супрацьпраўнай актыўнасьцю Жодзінскіх уладаў і нявырашанай моўна-адукацыйнай праблематыкай, парушэньнем шэрагу неад’емных правоў і свабодаў грамадзянаў … - БГК у сваіх зваротах зьвяртае ўвагу кіраўніцтва Пракуратуры і Мінадукацыі на грубыя факты прарушэньня з боку ўладаў заканадаўства, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Міжнародных стандартаў права, патрабуе разабрацца, прыняць належныя меры для вырашэньня штучна ствараемай уладамі горада Жодзіна праблемы.
Алесь Вольны