Алесь Стральцоў не можа дамагчыся амністыі
Менскі гарадскі суд не задаволіў скаргу фігуранта “справы 14-ці” Алеся Стральцова на пастанову суду Цэнтральнага раёну ад 15 чэрвеня 2009 году. Дадзеная судовая пастанова змякчае пакаранне, ад якога малады чалавек ужо павінен быў быць вызвалены ў адпаведнасці з законам “Аб амністыі”.
Пра рашэнне гарадскога суду Алесю Стральцову паведамілі ў афіцыйным лісце за подпісам Старшыні В.Г. Пуціла.
Менскі гарадскі суд прызнаў пастанову суду Цэнтральнага раёну “законнай і абгрунтаванай” і вырашыў, што “падставаў для задавальнення скаргі і прынясення пратэсту з мэтай адмены пастановы няма”.
“Згодна з артыкулам 21 Закону Рэспублікі Беларусь ад 5 траўня 2009 году “Аб амністыі ў сувязі з 65-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” пытанні прымянення амністыі ў дачыненні да асуджаных да пакарання ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, прысуды якім уступілі ў законную сілу, знаходзяцца ў кампетэнцыі органаў унутраных справаў”, - гаворыцца ў паведамленні гарадскога суду.
Беларускія праваабаронцы увесь час патрабуюць адназначнай амністыі ўсіх фігурантаў “працэсу 14-ці” і падкрэсліваюць, што на сёння гэта пытанне фактычна ніяк не вырашаецца. У траўні гэтага году Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала 11 ўдзельнікаў “працэсу 14-ці” (тых, якія на сёння адбываюць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі) вязнямі сумлення. Міжнародная супольнасць неаднаразова заклікала беларускія ўлады спыніць гэтыя крымінальныя справы і амніставаць усіх гэтых людзей.