Апазыцыянэраў апраўдалі, міліцыянтаў — да адказнасьці
Ваўкавыскі раённы суд перагледзеў справу 8 сябраў АГП і апраўдаў іх. У дачыненьні да міліцыянтаў, якія складалі пратаколы, вынесена прадстаўленьне на імя кіраўніка РАУС з тым, каб той вырашаў, да якой адказнасьці іх прыцягваць — крымінальнай ці адміністрацыйнай.
Яшчэ 8 чэрвеня Ваўкавыскім раённым судом былі асуджаныя 8 сябраў АГП, якія на мясцовым рынку правялі акцыю ў падтрымку Мікалая Аўтуховіча: яны трымалі ў руках ягоныя фота.
Юры Істоміну прысудзілі 20 базавых велічынь за ўдзел у арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, шасьці ўдзельнікам — па дзьве базавыя велічыні. Суд над яшчэ адным актывістам не адбыўся.
Ніхто зь сябраў АГП не прызнаў сябе вінаватым, а ў абласным судзе прысуд адмянілі, бо ў працэсе высьветлілася, што міліцыянты апытвалі сьведкаў празь некалькі дзён і ўпісвалі іхнія сьведчаньні ў пратаколы, якія ўжо былі падпісаныя затрыманымі. Справу адправілі на перагляд.
Сьведкі, якіх падчас акцыі, са слоў Істоміна, ніхто ня бачыў, так і не змаглі патлумачыць суду, у чым палягала падтрымка Аўтуховіча. Да таго ж усе яны — супрацоўнікі райвыканкаму.
Вось як пракамэнтаваў рашэньне суду Юры Істомін:
“Мы ўжо адвыклі ад такога фармату вынясеньня рашэньняў судом. Для мяне асабіста гэта нечакана, і я ня ведаю, чаму так адбылося. З пункту гледжаньня псыхалягічнага — гэта нечакана. А з пункту гледжаньня матэрыяльнага, дакумэнтальнага, працэсуальнага — такое рашэньне больш-менш адпавядае рэчаіснасьці”.
Нагадаю, што сяброў АГП затрымалі 16 траўня за тое, што яны арганізавалі насупраць цэнтральнага рынку ў Ваўкавыску ланцуг неабыякавых людзей і трымалі ў руках партрэты Мікалая Аўтуховіча.