Ваўкавыскі прадпрымальнік Юрый Лявонаў вызвалены
Дадому Юры Лявонаў вярнуўся 8 жніўня прыкладна ў 16.30, паведаміла БелаПАН яго дачка Юлія. Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка застаюцца ў мінскім СІЗА № 1.
«Я сама толкам не ведаю, на якіх умовах яго выпусцілі, — сказала Юлія Лявонава. — Бацька пакуль нічога не распавядае. Магчыма, на наступным тыдні ён захоча сустрэцца з журналістамі».
8 жніўня споўнілася паўгода з моманту затрымання ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі. 18 лютага прадпрымальнікам было выстаўлена абвінавачанне на падставе арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне ці пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асоб» распачата справа на падставе арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўвання (арт. 13). Затрыманыя знаходзяцца ў СІЗА № 1 Мінска.
З 16 красавіка па 16 ліпеня Аўтуховіч праводзіў галадоўку, патрабуючы ў самы кароткі тэрмін альбо перадаць справу ў суд, альбо змяніць усім падследным меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе.
Паводле слоў адваката Аўтуховіча Паўла Сапелкі, 8 жніўня следства павінна было вырашыць пытанне аб прадаўжэнні тэрмінаў утрымання прадпрымальнікаў пад вартай. Сапелка адзначыў, што адваката аб прадаўжэнні тэрмінаў утрымання пад вартай не інфармуюць — згодна з законам, знаёмяць з гэтым рашэннем толькі падабароннага, паведамляе БелаПАН