Міліцыянты правялі ператрус у кватэры пінскага актывіста
Міліцыянты канфіскавалі ў Канстанціна Чувака перапіску з чыноўнікамі, судамі, палітычную літаратуру, дыскі.
Міліцыянты пачалі тэлефанаваць актывісту з 7 гадзін раніцы, але ён не адчыняў дзверы і адключыў тэлефон, бо ў доме спала малое дзіця. Тады супрацоўнікі праваахоўчых органаў скарысталіся пад'ёмнікам, каб трапіць на шосты паверх. Супрацоўнікі міліцыі прадэманстравалі Канстанціну Чуваку санкцыю на вобыск, падпісаную пракурорам, і пачалі ператрус кватэры.
Як стала вядома, прычынай неадкладнага візіту стражаў парадку стала нядаўняя раздача актывістам некалькіх экземпляраў "Пінскай газеты" на мясцовым рынку "Сонечны". Нібыта некалькі чалавек напісалі ў міліцыю заяву, што Канстанцін Чувак распаўсюджваў на рынку палітычную літаратуру.
Міліцыянты канфіскавалі ў Канстанціна Чувака перапіску з чыноўнікамі, судамі, палітычную літаратуру, дыскі і разам з адзінаццацімесячным дзіцём павезлі ў Пінскі ГАУС для дачы тлумачэнняў.
Актывіст выказвае думку, што нервовая рэакцыя міліцыі і пракуратуры тлумачыцца тым, што на першай старонцы "Пінскай газеты" змешчаны крытычны матэрыял пра пракурораў Пінскага раёну Тураўца, Андрыевіча і Масло.