Леаніда Свеціка пакаралі штрафам у 900 базавых велічыняў
Сёння, 16 ліпеня, суддзя Віцебскага абласнога суду Галіна Урбановіч вынесла прысуд Леаніду Свеціку. Праваабаронцу пакаралі штрафам у памеры 900 базавых велічыняў. Да таго ж, суд абавязаў Свеціка кампенсаваць маральную шкоду старшыні віцебскай філіі праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Тамары Красновай-Гусачэнка. Памер кампенсацыі – 1 мільён рублёў.
Тамара Краснова-Гусачэнка падавала ў суд грамадзянскі зыск, у якім заявіла, што “дасылаючы лісты ад РНЕ”, Л. Свецік аказваў на яе маральны ціск. Паэтка сцвярджала, што на фоне стрэсу, выкліканага атрыманнем лістоў, у яе абвастрыўся атыт. Таму яна запатрабавала спагнаць з праваабаронцы 7 мільёнаў рублёў у якасці кампенсацыі за маральныя пакуты і лекі.
Л. Свеціка абвінавацілі ў распальванні нацыянальнай і расавай варожасці паводле артыкула 130 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь.
У 2006 і 2007 гадах Л. Свецік аказваў юрыдычную дапамогу віцебскім актывістам, якія атрымлівалі лісты з пагрозамі ад Віцебскай філіі рускай неанацысцкай арганізацыі “Русское Национальное Единство” (РНЕ). Спачатку міліцыя адмовілася ўзбуджаць справу, патлумачыўшы сваё рашэнне тым, што РНЕ з’яўляецца незарэгістраванай арганізацыяй. Крымінальнае расследванне гэтых пагрозаў РНЕ было распачатае толькі 20 траўня 2008 г. 23 траўня 2008 г. супрацоўнікі міліцыі правялі дзевяцігадзінны вобшук дома ў Л. Свеціка, падчас якога супрацоўнікі КДБ вынялі ў яго кампутар, офіснае абсталяванне і друкаваныя матэрыялы праваабарончай тэматыкі. Вобшук праводзіўся паводле пастановы, у якой Л. Свецік узгадваўся ў якасці сведкі па справе супраць РНЕ. Пасля вобшука Л. Свецік быў дапытаны супрацоўнікамі КДБ ва ўправе КДБ, дзе яму было паведамлена, што ён падазраецца ў “распальванні расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці” паводле артыкула 130.1 Крымінальнага Кодэкса. Крымінальная справа супраць яго была прыпыненая ў верасні 2008 г.
Судовая справа была адноўленая 31 сакавіка 2009 г. Л. Свеціку былі прад’яўленыя новыя абвінавачванні. Паводле Л. Свеціка, міліцыя не паведаміла прычынаў аднаўлення справы. Ён звязвае гэта з узрастаючым ціскам на праваабаронцаў у Беларусі.