Алесь Бяляцкі: "Палітзняволеныя ў Беларусі застаюцца па–ранейшаму"
Каментуючы прысуд па крымінальнай справе, які быў абвешчаны 15 чэрвеня аднаму з фігурантаў “Справы14-ці” Максіму Дашуку (год і тры месяцы абмежаваньня волі без змяшчэньня ва ўстановы адкрытага тыпу) кіраўнік ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі паведаміў наступнае:
“У фармальным плане рашэнне судзі Кузняцовай выглядае мяккім, паколькі артыкул 415 КК, паводле якога судзілі Дашука, адназначна прадугледжвае пазбаўленьне волі тэрмінам ад шасьці месяцаў да трох гадоў. Тым не меней, пры разглядзе крымінальнай справы быў выкарыстаны арт. 70 Крымінальнага кодэксу і знойдзеныя змякчаючыя абставіны.
Такое “ліберальнае” стаўленьне да абвінавачваемага з боку суду сведчыць толькі аб тым, што міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Максіма Дашука вязнем сумленьня. У адпаведнай заяве арганізацыі ягонае прозвішча стаіць сярод 11 фігурантаў “справы 14-ці”. Такім чынам спрацаваў палітычны фактар і ўвага ўплывовых міжнародных арганізацый да судовых працэсаў з палітычным аддценьнем прыносіць пэўны плён.
Але, на жаль, Максім Дашук, па-ранейшаму, застаецца вязнем сумленьня, а гэта сведчыць аб тым, што ў Беларусі ёсьць палітычныя зняволеныя.”