viasna on patreon

Лісты з ЛТП: лячэньне хворых на алкаголь праз “трудатэрапію”

2009 2009-06-02T18:20:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ltp1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У траўні 2009 года Ураду Беларусі даручана ўнесьці прапановы аб пашырэньні ў рэспубліцы сеткі лячэбна-працоўных прафілакторыяў (ЛТП). І гэта пры тым, што на сёньня ў Беларусі ўжо дзейнічае пяць ЛТП, а колькасць ізаляваных асобаў у ЛТП у 2008 г. скалала каля 4000 чалавек. Што ж насамрэч уяўляюць сабой гэтыя лячэбна-прафілактычныя ўстановы? Лепей за ўсё звярнуцца да лістоў тых, хто на сваёй скуры адчуў “клопаты” дзяржавы аб сваім здароўі.

 

“Хачу зараз распавесьці аб тым,  што такое ЛТП ў Беларусі. Гэта па вялікім рахунку турма, копія лагера для зняволеных з крымінальнай адказнасьцю.  За выключэннем тых 30% змешчаных, якія працуюць на волі (у калгасах, ці на будоўлі) пад пільным наглядам кантралёраў з адміністрацыі ЛТП, -- піша Мікалай са Слуцкага раёну.

 

Асабіста сам  я сам быў у трох такіх ЛТП у якасьці хворага (г.Светлагорск, г.Наваградак, г.Слуцак). Гэтыя  ўстановы, як правіла, схаваныя ў лясах, на былых расфармаваных вайсковых частках СССР, дзе раней стаялі ракетныя войскі.

 

А як цынічна гучыць сама пастанова аб накіраваньні ў ЛТП! “Асуджаны да медыка-сацыяльнай рэабілітацыі, з абавязковым прыцягненнем да працы”. А вось калі ты не будзеш працаваць - прымусяць сядзець у ізалятары ад 10 да 15 сутак. Лячэньне ад алкагольнай залежнасці ніякога няма. Даюць таблеткі “метранідазолу”, гэта антыбіётык, а людзі думаюць, што іх лечаць такім чынам. Насамрэч,  лекары проста пускаюць пыл у вочы, ствараюць бачнасьць лячэньня. Яны прыдумалі тэрмін працатэрапія і лечаць хворых людзей фізічнай працай. Здараецца, калі ты прыходзіш з працы,  табе кажуць, што трэба па графіку ісці яшчэ на адну працу, скаажам, на добраўпарадкаванне тэрыторыі ЛТП бясплатна, Гэта сведчыць, што працоўнае заканадаўства там ігнаруецца  цалкам. А калі адмовішся працаваць - у канцы дня зачыняць у ізалятары мінімум на 5 сутак.

 

У выпадку, калі пачынаеш тлумачыць, што ў цябе няма сілаў, баліць нешта, ці наогул хранічнае захворваньне, вядуць да лекараў ЛТП, а лекары кажуць:  “У цябе няма такога захворвання, таму што ўчастковы, які афармляў у ЛТП, і лекары, што перад накіраваннем рабілі абследваньне, проста зачынялі вочы на гэтыя хваробы, таму што з гэтымі захворваннямі Міністэрства аховы здароўя  забараняе  афармленне ў ЛТП (паводле пастановы Мінздрава РБ ад 14 чэрвеня 2006г №  55, з пералікам захворваньняў, на падставе якіх нельга афармляць і ізаліраваць ва ўмовах ЛТП).

 

Умовы ўтрымання і рэжым для тых, хто працуе ўсярэдзіне ўстаноў здзеклівы. Чалавека, які ад адчаю змог збегчы дадому з ЛТП, ловяць і ламаюць нагу, або   б'юць, каб іншыя баяліся. Тых, хто не вытрымаў і неяк выпіў - таксама б'юць, каб прызнаўся, якім чынам дастаў спіртное (адносна ЛТП г.Слуцку)”.

 

А вось вытрымкі з ліста Сяргея, які толькі сёлета завяршыў курс “лячэньня” ў Светлагорскім ЛТП:

“Атаварыцца ў краме тут таксама праблема, паколькі кожны атрад мае права толькі на чатыры дні ў месяц на атаварку. Ларок працуе толькі тры гадзіны ў дзень, таму ў дні заробку чарга зьбіраецца вялізная. Асартымент тавараў убоскі, як у часы перабудовы. Нават шкарпэтак і трусоў няма. Даводзіцца іх набываць у абмен на цыгарэты або чай.

 

Працую штукатурам у прыватнай фірме. Зараз мы штукатурым фасад дзевяціпавярховага дома. Заробак мізэрны, у дзень “бруднымі” выходзіць усяго 10 тысяч. А на рукі выдаюць крыху болей за 2 тысячы, г.зн. 50 тысяч на месяц. Кажуць, што раней, у савецкія часы, заробак у ЛТП быў прыстойны: за год людзі маглі сабраць некалькі тысяч, напрыклад на аўтамабіль “Запарожац”.

 

Наконт працы. У дзень мы робім прыкладна метраў дзесяць сценаў на кожнага чалавека, бальнічныя пры гэтым не аплочваюцца, перапрацоўка таксама. Нехта нядрэнна  зарабляе на нашай працы. Але ёсць і горшыя варыянты. Так, напрыклад тыя, хто працуе на пілараме ў ЛТП, атрымліваюць за месяц 5-6 тысяч рублёў…”

 

Так, і сапраўды, асноўнае лячэньне алкаголікаў заключаецца ў “трудатэрапіі”, г.зн. у прымусовай працы. І гэта пры тым, што ізаляваныя ў ЛТП людзі не з’яўляюцца асуджанымі, яны не здзяйснялі злачынстваў. Іх прававы статус наогул не вызначаны, яны “ізаляваныя” асобы. У выніку такога “лячэння” па афіцыйнай статыстыцы 25% “ізаляваных” вяртаюцца ў ЛТП ізноўку, колькі з асобаў прайшоўшых ЛТП кінулі піць – афіцыйная статыстыка не паведамляе.

Правабаронцы лічаць, што  практыка накіраваньня грамадзянаў у ЛТП у межах грамадзянскага, а не крымінальнага працэсу (г.зн. не ў сувязі са здзяйсненнем крымінальнага злачынства) з’яўляецца нічым іншым, як адвольным пазбаўленьнем волі. Задачай ЛТП паводле Закона 1991 г. з’яўляецца, найперш, менавіта ізаляцыя. Ізаляцыя – гэта пазбаўленьне волі, а пазбаўленьне волі ў Беларусі магчыма толькі ў выпадках, прадугледжаных законам – Крымінальным кодэксам.

 На практыцы ЛТП уяўляюць сабой самыя звычайныя калоніі (некаторыя на іх базе і створаныя). І знаходзяцца гэтыя “лячэбныя прафілакторыі” не ў сістэме Міністэрства аховы здароўя, што было б лагічна, а ў сістэме МУС.

 

Такім чынам “ізаляцыя” грамадзянаў у ЛТП парушае іх канстытуцыйныя правы на асабістую свабоду і недатыкальнасць асобы.

“Працатэрапія” з дапамогай якой “лечаць” хворых на алкагалізм людзей па меркаванню праваабаронцаў з’яўляецца нічым іншым, як прымусовай працай. Прымусовая праца ў дадзеным выпадку (не звязаная з асуджэньнем за здзяйсненьне крымінальнага злачынства) з’яўляецца парушэньнем Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнродных актаў у галіне правоў чалавека, Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычнах правах у прыватнасці (арт.8).

На дадзены момант Праваабарончы цэнтр “Вясна” накіраваў аналіз заканадаўства, якое рэгулюе парадак накіраваньня грамадзянаў у ЛТП і практыку яго выкарыстаньня, у шэраг міжнародных праваабарончых арганізацыяў з мэтай ацэнкі гэтай з’явы з пункту гледжаньня міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека.

Таксама Праваабарончы цэнтр “Вясна” плануе звярнуцца ў Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь са зваротам аб прызнаньні не адпавядаючым Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь палажэньняў вышэйзначанага заканадаўства.

 

Ltp2

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства