Леанід Свецік: Сёньня, на жаль, беларускія ўлады практычна не прыслухоўваюцца да голасу праваабаронцаў
Імя віцебскага праваабаронцы Леаніда Свеціка зараз знаходзіцца ў фокусе ўвагі беларускай і міжнароднай грамадскасці. Прычынай таму сталася абвінавачванне праваабаронцы адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу РБ: распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці (арт.130 Крымінальнага кодэксу) і паклёп у адносінах да прэзідэнта Беларусі (арт. 367 Крымінальнага кодэксу). У праваабаронцы ўзятая падпіска аб нявыездзе. Ён азнаёміўся з матэрыяламі справы і чакае даты суду. Сваёй віны ні ў адным абвінавачванні Свецік не прызнае, і лічыць што такім чынам яму помсцяць за праваабарончую дзейнасць. Сёння Леанід Свецік пагадзіўся адказаць на пытанні нашага карэспандэнта.
– Спадар Леанід, ці можаце Вы прыгадаць, што паўплывала на Вашае рашэнне ўсур’ёз заняцца правамі чалавека?
– Разуменне таго, што ў кожнага чалавека ёсць неад’емныя правы. Але каб гэтыя правы не засталіся абстрактнымі, іх заўсёды патрэбна абараняць.
– Вы шмат каму дапамагалі адстойваць правы, парушаныя дзяржаўнымі інстытутамі, абаранялі грамадзян ад сумніўных абвінавачванняў у судах. Ці трэба для гэтага дадатковая падрыхтоўка, альбо нейкія спецыфічныя веды?
– Несумненна. Для эфектыўнай прававой дапамогі неабходныя і веды, і практычны вопыт ў галіне права. Але, на мой погляд, не меней важна, каб у чалавека, які займаецца праваабарончай дзейнасцю была найперш прававая свядомасць. Ну і зразумела, каб быць эфектыўным праваабаронцам неабходна пастаянна займацца самаадукацыяй, прымаць удзел у адукацыйных праграмах.
– Вы падавалі скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН, і, здаецца, выйгралі яе. Раскажыце больш падрабязна пра гэтую справу.
– У 1999 годзе я быў аштрафаваны судом за заклікі да грамадзян нашай краіны няўдзельнічаць у выбарах, калі яны палічаць, што выбары праходзяць з парушэннем дэмакратычных працэдур. Гэтае меркаванне было надрукаванае ў газеце “Народная Воля”.
Паколькі я быў упэўнены, што меў права публічна выказваць сваё меркаванне, для абароны сваіх грамадзянскіх правоў я звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН. Пасьля пяцігадовага разбіральніцтва Камітэт па правах чалавека прыйшоў да высновы, што мае правы былі сапраўды парушаны з боку дзяржавы. Пры гэтым дзяржава павінна была вярнуць мне суму выплачанага штрафу і ліквідаваць умовы, якія сталі прычынай парушэння правоў чалавека. Аднак да сённяшняга часу рашэнне Камітэта беларуская дзяржава не выканала, спасылаючыся пры гэтым на рэкамендацыйны характар рашэнняў гэтага аўтарытэтнага міжнароднага праваабарончага органа.
– У Віцебску, ды яшчэ ў некаторых гарадах Беларусі, напрыклад, у Наваполацку, Гомелі, не першы год заўважаныя спробы актывізацыі элементаў, якія прылічваюць сябе да гэтак званага РНЕ. Наколькі гэта сур’ёзная з’ява для Беларусі? Адкуль карані іх ўзнікнення?
– У любым грамадстве заўсёды знойдзецца частка людзей, якім падабаецца прафашысцкая ідэалогія. Ва ўсходнія рэгіёны Беларусі гэтая ідэалогія прасочваецца з Расіі. Час ад часу на сценах будынкаў, у падземных пераходах, на слупах з’яўляюцца фашысцкія сімвалы або ўлёткі. Аднак гэтая ідэалогія не атрымала шырокага распаўсюджвання сярод беларусаў і, спадзяюся, наўрад ці знойдзе ў будучым.
– Не сакрэт, што звароты ў міліцыю грамадзян на пагрозы з боку РНЕ, альбо на выкарыстанне фашысцкай сімволікі, часта застаюцца без адказу. Гэтак было неаднаразова і ў Віцебску, а вось нядаўна пракуратура Наваполацка адмовіла ва ўзбуджэнні справы па заяве праваабаронцы Зміцера Салаўёва на распаўсюд у горадзе фашыстоўскай сімволікі. Ці сведчыць гэта пра тое, што ўлады не прыдаюць гэтай праблеме належнай увагі?
– На мой погляд, улады добра ведаюць тых, хто займаецца падобнымі справамі. Аднак паколькі гэтыя людзі не ўяўляюць пагрозы для дзеючай улады, дык яна проста прыкрывае вочы на падобныя з’явы. І пакуль з боку праваахоўных органаў не будуць прымацца энергічныя меры па выкараненні фашысцкіх праяваў, то камунальныя службы будуць і надалей сарамліва замазваць прафашысцкую сімволіку ў беларускіх гарадах.
– Яшчэ раней, напрыканцы траўня 2008 года, калі ў дачыненні да Вас была ўзбуджаная крымінальная справа па 130 артыкулу Крымінальнага кодэксу, з адмысловымі заявамі выступілі міжнародныя арганізацыі - Фундацыя Дамоў Правоў Чалавека і Aбсерваторыі па Абароне Праваабаронцаў. Ці лічыце Вы, што салідарная пазіцыя міжнародных праваабарончых арганізацыі і грамадзянскай супольнасці тут, у Беларусі, здольныя ўплываць на пазіцыю улады ў дачыненні да праваабаронцаў?
На жаль, у цяперашні час, беларускія ўлады практычна не прыслухоўваюцца да голасу праваабаронцаў, нават міжнародных. Усё вырашае палітычная мэтазгоднасць. А салідарнасць з боку праваабарончых арганізацый і грамадзянскай супольнасці дапамагае ахвярам рэпрэсій перажыць цяжкія часы.
– У інтэрвію для “Радыё Свабода” Вы днямі заявілі, што “толькі ў адкрытым судовым працэсе можна даказаць сваю невінаватасьць”. Ці мяркуеце, што суд можа мець закрыты характар?
– Напрыклад, у артыкуле , які змясціла газета “Советская Белоруссия” наўмысна замоўчваецца той факт, што мяне вінавацяць яшчэ й па частцы 2 артыкула 367 Крымінальнага Кодэксу РБ — у паклёпе на прэзыдэнта краіны. Таму складваецца ўражанне, што выкарыстанне гэтага абсурднага абвінавачвання мае на мэце зрабіць судовы працэс цалкам закрытым для грамадскасці, у першую чаргу для журналістаў ды прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый.
Даведка “Spring 96”: Леанід Свецік нарадзіўся ў Крычаве на Магілёўшчыне ў 1965 годзе. Скончыў фізіка-матэматычнае аддзяленне Магілёўскага педагагічнага інстытута. Акрамя праваабарончай дзейнасці займаецца журналістыкай і літаратурай. Выдаў кнігу паэзіі “А мимо вдаль уходят поезда”. Сябар Беларускага Хельсінскага камітэта і Беларускай асацыяцыі журналістаў.