viasna on patreon

Баі не па правілах, альбо Барацьба з алкагалізмам па-беларуску

2009 2009-04-07T17:55:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/antidrink.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сапраўды, тэма алкагалізацыі беларускага грамадства з’яўляецца ў апошнія гады адной з асноўных тэмаў публікацый у СМІ, радыё і телепраграмах.  Вялікую ўвагу гэтай праблеме надзяляюць мясцовыя органы ўлады, урад краіны і сам прэзідэнт. Безумоўна, будучы грамадзянамі нашай  краіны, жывучы ў нашым грамадстве, мы кожны дзень сутыкаемся з гэтай сапраўды вялікай бядой  – праблемай алкагалізма. Лічбы, якія агучваюцца рознымі сацыялагічнымі службамі, не могуць не ўражваць, колькасць спажывання алкаголю на душу насельніцтва ў Беларусі перавышае ўсе крытычныя нормы. Далей пачынаюцца  незваротныя працэсы –дэградацыя нацыі. Але, найперш, алкагалізм гэта жахлівая персанальная праблема асобы, ягоных блізкіх, сям’і.

Найбольш ад алкагалізму церпяць сем’і і самае жахлівае –дзеці. Дастаткова глянуць на статыстыку цяжкіх злачынстваў у апошнія часы, асабліва забойстваў. Іх сюжэт разгортваецца, як правіла, па адным сцэнары: “…падчас сумеснага распіцця спіртных напояў…. У выніку ўзнікшай спрэчкі … нанёс удары нажом у жыццёваважныя органы цела …раненні несумшчальныя з жыццём.”  Гэта бяда, бяда, з якой без адмысловай палітыкі ўраду грамадства само не дасць рады.

Я на ўласным досведзе ведаю, што такое алкагалізм, калі блізкія табе людзі ператвараюцца ў жывыя трупы, здэградаваныя і знішчаныя алкаголем. Але пры гэтым яны ўсё яшчэ людзі, людзі і нашыя з вамі суграмадзяне, сваякі, родныя. Таму я безумоўна падтрымліваю заклапочанасць ураду праблемай алкагалізму, падтрымліваю распрацоўку праграмы дзейсных мераў па яе вырашэнню. Але…

Праблема алкагалізму не з’яўляецца нечым выключна беларускім. Маю на ўвазе тое, што падобныя праблемы ў розныя перыяды часу былі актуальныя, ды і зараз з’яўляюцца актуальнымі для розных краін свету. Прычым, нярэдка вельмі заможныя і паспяховыя краіны сутыкаюцца з праблемай алкагалізму сваіх грамадзянаў. Такія скандынаўскія краіны як Швецыя і Фінляндыя вялікую ўвагу надзяляюць пытанню рэгулявання продажу алкаголю ў сваіх краінах. Такія меры, як абмежаванне продажу алкаголя ў вечаровы і начны час, забарона рэалізацыі алкаголю ў выходныя дні, узроставае абмежаванне продажу алкаголя і, нарэшце, цэнавая палітыка дзяржавы (падвышэнне коштаў на алкагольныя вырабы) прыносяць канкрэтныя вынікі –змяншэнне ўжывання алкаголю. Праца такіх грамадскіх ініцыятыў, як арганізацыі ананімных алкаголікаў, дапамагаюць людзям асэнсаваць і зразумець уласную праблему і пастарацца справіцца з ёй, пастарацца вярнуцца ў жыццё.

Некаторыя крокі нашага ўраду я сапраўды лічу неабходнымі ў сітуацыі, якая зараз мае месца ў нашай краіне. Так, напрыклад, я цалкам падтрымліваю ідэю падвышэння ўзростага цэнзу на продаж алкаголю да 21 году, абмежаванне продажу алкаголю ў крамах у начны і вячэрні час. Аднак шмат які меры мне нагадваюць нейкую савецкую кандовую “паказуху”, імітацыю заклапочанасці праблемай, скажам так. Чаго вартыя вядомыя дні цвярозасьці, калі гарэлка ў краіне мае рэкордна нізкі кошт, менш 2 даляраў. Такога нават за “саветамі” не было, а такія “сацыяльныя” напоі як г.зв. “пладова-ягадныя” віны, якія ў народзе называюць “чарніламі” ці “бырлам”?  Каму патрэбныя падобныя дні цвярозасці, калі дзяржава не мае сілы адмовіцца ад такого прыбытковага бізнэсу, як продаж таннага алкаголю і атрыманне супер-даходаў ад яго? Тады навошта лекцыі ў працоўных калектывах і публічныя ў гэты жа калектывах асуджэнні, з накіраваннем  ў ЛТП? Падобны фармалізм мы бачылі і ведалі ў часы СССР. Манавіта тады аматараў “зялёнага змія” ў адпачынак зімой адпраўлялі і ў чарзе на кватэру пасоўвалі назад. Што гэта за “нафталін”, які акрамя смуроду, не дае аніякага плёну? Не дае эфекту, бо чалавек мусіць найперш сам усвядоміць сваю праблему і пажадаць вярнуцца да нармальнага жыцця. А інакш, падобная праца, заробкі і “галачкі” для ідэалагічных аддзелаў і рознага кшталту лектараў. Я ўжо не кажу пра іншыя і больш сур’ёзныя тэндэнцыі дзяржаўнай барацьбы за цвярозасць. Калі гэтая “барацьба” пераходзіць за межы здаровага сэнсу, тады гэта называецца парушэннем правоў чалавека.

Чаго вартая, скажам, акцыя МУС у Менску “по изъятию лиц, находящихся у торговых объектов, с целью проведения профилактических бесед”. Што хаваецца пад загадкавым і абсалютна не юрыдычным тэрмінам “изъятие лиц», я  зразумеў з сюжэту тэлеканала СТВ, дзе маладзенькая жуналістачка прымала удзел у гэтым “цудоўным” мерапрыемстве сталічнай міліцыі. Аказалася, што мелі месца элементарныя затрыманні грамадзян на вуліцы, каля крамаў. Проста затрыманні, без усялякіх на тое прычынаў. Потым паказалі залю аднаго з сталічных РУУС дзе «изъятым лицам» прачыталі лекцыю аб шкодзе алкагалізма, правялі прафілактычную размову, так бы мовіць. Як гэта назваць? Калі на юрыдычнай мове – незаконным, адвольным затрыманнем. Гэтыя людзі не здзейснілі ні злачынства, ні адміністратыўнага правапарушэння, іх віна была ў тым, што яны знаходзіліся з раніцы “у торговых объектов”. І гэта паказваюць па тэлівізіі, паказваюць, як міліцыя незаконна затрымлівае грамадзянаў. Прычым робіцца выснова, што ўсё нармальна, яны ж усё адно алкаголікі і пахмяліцца відаць хацелі, нягоднікі.  А як жа закон, скажаце вы, ён жа адзін для ўсіх?

А як вам яшчэ адзін “крэатыўчык” ад міліцыі? Маю на ўвазе “святочныя” провады ў ЛТП пад аркестр МУС. Хто мне падскажа, якая мэта гэтага мерапрыемства? Выхаваўчая? Мне дык падалося, што гэта проста здзек, здзек са сваіх няхай і не цвярозых, але ўсё яшчэ нашых з вамі суграмадзянаў. Жахліва, што гэта робіцца ад імя дзяржавы. І як вы думаеце, што будуць рабіць гэтыя грамадзяне пасля такіх захадаў? Яны, што, адумаюцца і стануць на шлях выпраўлення? Я думаю, што не.

Сама сістэма ЛТП - гэта вялікая асобная гаворка.

Гэтыя інстытуцыі, створаныя  для ізаляцыі асобаў, якія вядуць “анты-сацыяльны” лад жыцця з’явіліся ў СССР яшчэ ў 60-гады мінулага стагоддзя. Менавіта з тых далёкіх часоў яны і захаваліся ў сённяшняй Беларусі. Менавіта ў нас, ды яшчэ ў Туркменістане, і захваліся падобныя “прафілакторыі”. У іншых краінах СССР яны былі ліквідаваныя пасля распаду СССР. Чаму ліквідаваныя, ды таму, што працэдура накіравання чалавека ў ЛТП на 2 гады была прызнаная ўладамі гэтых краін парушэннем правоў чалавека. У Беларусі працэдура накіравання ў ЛТП рэгулюецца заканадаўствам, прынятым Вярхоўным Саветам БССР яшчэ у 1991 г. Як праваабаронца лічу, што практыка накіравання грамадзянаў у ЛТП у межах грамадзянскага, а не крымінальнага працэсу (г.зн. не ў сувязі са здзяйсненнем крымінальнага злачынства) з’яўляецца нічым іншым, як адвольным пазбаўленнем волі. Задачай ЛТП паводле Закона 1991 г. з’яўляецца, найперш, менавіта ізаляцыя. Ізаляцыя – гэта пазбаўленне волі, а пазбаўленне волі ў Беларусі магчыма толькі ў выпадках прадугледжаным законам – Крымінальным кодэксам. Акрамя ўсяго ўзнікаюць пытанні адносна законнасці прымусовага лячэння і прымусовай працы. На практыцы ЛТП уяўляюць сабой самыя звычайныя калоніі (некаторыя на іх базе і створаныя). І знаходзяцца гэтыя “лячэбныя прафілакторыі” не ў сістэме Міністэрства аховы здароўя, што было б лагічна, а ў сістэме МУС.

Я асабіста наведваў аднаго са сваіх сваякоў у ЛТП  і ведаю, што асноўнае лячэнне алкаголікаў заключаецца ў “трудатэрапіі”, г.зн. у прымусовай працы. Нагадаю, што гэтыя людзі не з’яўляюцца асуджанымі, яны не здзяйснялі злачынстваў. Іх прававы статус наогул не вызначаны, яны “ізаляваныя” асобы. У выніку такога “лячэння” па афіцыйнай статыстыцы 25% “ізаляваных” вяртаюцца ў ЛТП ізноўку, колькі з асобаў прайшоўшых ЛТП кінулі піць – афіцыйная статыстыка не гаворыць.

Мы зноўку вярнуліся ў “паказушныя” савецкія часы.  Тады таксама ізаліравалі алкаголікаў і асацыяльных элементаў, вывозілі іх на пасяленні за 101 кіламетр. Рабілі выгляд, што ў нас іх няма і ўсё добра. Зараз, як бачна, вяртаецца тое ж самае. Зноўку чуваць заклікі аб неабходнасці стварэння працоўных  лагераў для нядбайных бацькоў, дзе яны будуць кампенсоўваць выдаткі на ўтрыманне сваіх дзяцей у дзіцячых дамах. Толькі цікава, колькі гадоў іх там трэба будзе ўтрымліваць, каб яны змаглі іх дарэшты кампенсаваць? І ўвогуле,  ідэя вось такога “змагання” з асацыяльнымі элементамі, алкаголікамі, прастытуткамі і іншымі “паразітамі”  грамадства, ня новая. У пэўных краінах у свой час асобныя дзеячы прапаноўвалі і больш радыкальныя метады … фізічнае знішчэнне, напрыклад. Гісторыя памятае і такое.      

Я зусім не абараняю алкаголікаў і нядбайных бацькой і лічу, што ў шмат чым яны вінаватыя самі, але я змагаўся і буду змагацца за тое, каб дзяржава не дапускала парушэння правоў сваіх грамадзянаў, нават калі яны ёй у нечым не падабаюцца.

Валянцін Стэфановіч

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства