Арышты напярэдадні з’езда Звязу палякаў на Беларусі?
Супрацоўнікі гарадзенскай міліцыі склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні на Анджэя Пачобута - журналіста “Газэты выборчай” і сябра галоўнай Рады непрызнаванага беларускімі ўладамі Звязу палякаў на Беларусі на чале з Анжалікай Борыс.
Паводле пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні, Анджэй Пачобут абвінавачваецца міліцыянтамі ў тым, што прымаў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу, які адбыўся 17 студзеня бягучага года каля будынка праўладнага саюза палякаў на Беларусі.У той дзень некалькі сот чалавек, пераважна польскага паходжання, спрабавалі прайсьці ў Дом польскі, але былі спыненыя супрацоўнікамі міліцыі і КДБ.
Сам Анджэй Пачобут лічыць, што захады міліцыянтаў носяць правакацыйны характар і накіраваныя на тое, каб перашкодзіць правядзенню 7 з’езда арганізацыі, які павінен адбыцца 14-15 сакавіка.
Бліжэйшым часам адбудзецца суд, які разгледзіць пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні і прыме ў дачыненні да Анджэя Пачобута адпаведнае рашэнне. Актывіст непрызнаванага ўладамі звязу палякаў на Беларусі не выключае, што можа атрымаць тэрмін арышту.