“Берасьцейская вясна”: спроба №2
Сёньня ініцыятыўная група праваабаронцаў падала дакумэнты на рэгістрацыю грамадзкага праваабарончага аб’яднаньня “Берасьцейская вясна” ва ўправу юстыцыі аблвыканкаму. Напярэдадні адбыўся ўстаноўчы сход, удзел у якім узялі 16 чалавек — юрыстаў і праваабаронцаў.
Адзін зь ініцыятараў "Берасьцейскай вясны" юрыст Сяргей Гоўша з Баранавіч распавёў: “Якраз у рэгіёнах — у вёсках, у раёне, малых гарадах — вельмі шмат парушэньняў закону з боку ўлады. Людзі запалоханыя. Зьвярнуцца ў дзяржаўныя структуры няма магчымасьці, бо ўсе падпарадкаваныя адной уладзе. І ўлада робіць сваю справу. Ніякіх правоў у чалавека фактычна зараз няма”.
Да абвешчанай лібэралізацыі спадар Гоўша ставіцца скептычна.
“Мы ж хочам быць зарэгістраванымі. І калі зараз пайшлі размовы пра нейкае пацяпленьне, нейкая дэмакратызацыя, то мы зноў зрабілі спробу. Але вось вынік: месяц пачакалі — выявілася, што зноў нас не зарэгістравалі. Таму мы робім чарговую спробу. Чакаем, які будзе вынік”.
Заснавальнікі аб’яднаньня — вядомыя ў вобласьці грамадзкія актывісты, якія доўгі час займаюцца праваабарончай дзейнасьцю.
У 2003 годзе ў Беларусі юрыдычна ліквідавалі грамадзкае аб’яднаньне “Праваабарончы цэнтар “Вясна”. У 2004 годзе была спынена й дзейнасьць яго берасьцейскай абласной філіі.
Празь месяц паспрабавалі былі зарэгістраваць з такой самай назвай мясцовую праваабарончую арганізацыю, але рэспубліканская камісія па рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў у рэгістрацыі тады адмовіла.
На думку юрыста Ўладзімера Вялічкіна, выніковае рашэньне ўладаў пакажа, чаго вартыя сёньняшнія заявы ўраду пра лібэралізацыю ў Беларусі.