Скаргу Шылы разгледзяць вайскоўцы
Салігорскі гарадскі суд 20 лютага прыняў рашэнне перадаць скаргу Івана Шылы ў Лепельскі міжгарнізонны вайсковы суд.
Актывіст лічыць, што дзеянні супрацоўнікаў ваенкамата пры правядзенні прызыўных мерапрыемстваў у адносінах да яго былі палітычна матываванымі і незаконнымі. Падчас суду пракурор падаў хадайніцтва аб перадачы скаргі Івана Шылы ў вайсковы суд. Суддзя Ірына Саўчанка задаволіла просьбу пракурора і пастанавіла перадаць справу ў Лепельскі міжгарнізонны вайсковы суд.
Зараз бацькі Івана Шылы маюць 10 дзён на тое, каб абскардзіць судовае рашэнне ў Мінскім абласным судзе. Але верагоднасць таго, што судовае рашэнне будзе адменена, па словах бацькі актывіста, мізэрная. Калі Мінскі абласны суд не адменіць рашэнне гарадскога, то абараняць сваю скаргу Івану Шылу прыйдзецца без дапамогі адвакатаў. На думку бацькі актывіста, Івану Шылу будзе вельмі цяжка гэта рабіць.