viasna on patreon

У войску Івану Шылу пагражаюць дысбатам

2009 2009-02-20T11:33:52+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vojska.jpg

Гвалтоўна прызваных у войска Франка Вячорку і Зьмітра Хведарука абсьледавалі ў Рэспубліканскім вайсковым шпіталі, але з розных прычын адмовілі ў шпіталізацыі.

 

Юнакі маюць праблемы са здароўем, але знаходзяцца ў сваіх вайсковых частках нароўні з усімі навабранцамі. Таксама прымусова забранага ў войска Івана Шылу абсьледавалі ў шпіталі Лепелю. Кіраўніцтва часткі вінаваціць яго ў сымуляцыі і пагражае дысбатам.

 

Франак Вячорка скардзіцца на падвышэньне ціску пасьля фізычных практыкаваньняў. Але пасьля абсьледаваньня ў Менску яго вярнулі ў падпарадкаваньне кіраўніцтва часткі, паведаміў “Свабодзе” Франкаў бацька Вінцук Вячорка:

 

 “Нічога новага, апрача ягоных вядомых хваробаў — гэта стан артэрыяльнага ціску і сэрца. Я мяркую, што зараз ён знаходзіцца ў Баранавічах, бо там камандаваньне брыгады. Відавочна, што для далейшага абсьледаваньня і магчымага лекаваньня ён будзе накіраваны ў адзін з вайсковых шпіталяў, а куды — мы ня ведаем. Але цікава, што сёньня дахаты тэлефанавалі з падатковай інспэкцыі і цікавіліся Франкам. Думаю, што тут працуюць некалькі каналаў ціску, якія не заўсёды ўзгадняюць свае дзеяньні”.

 

Франка Вячорку не шпіталізавалі ў Менску з тае прычыны, што ён нібыта яшчэ ня цалкам патрапіў пад юрысдыкцыю вайсковых мэдыкаў. Зьмітра Хведарука, якога абсьледавалі ў гэты ж дзень, адмовіліся шпіталізаваць, бо ў шпіталі не было вольных месцаў. Мэдыкі заяўляюць, што Зьмітру патрабуецца апэрацыя з прычыны варыкознага пашырэньня венаў, аднак гэта можа адбыцца не раней за 14 красавіка. Зараз Зьміцер знаходзіцца ў сваёй вайсковай частцы ў Жодзіне, паведаміла маці Ірына Хведарук і вось як гэта пракамэнтавала:

 

“Я думаю, што іх учора абодвух шпіталізавалі б, каб прэзыдэнт падчас наведваньня магілёўскай “Бабушкінай крынкі” не сказаў, што яны павінны служыць. Вось яны па распараджэньні прэзыдэнта і пайшлі служыць. Кіраўнік краіны загадаў адпусьціць забойцаў, што ў Гомельскай вобласьці, вось іх і адпусьцілі. Тут кіраўнік краіны сказаў служыць — вось яны і пайшлі служыць. Праўда, ён вельмі цікава сказаў, што яны афіцэрамі павінны служыць. Дык, можа, зараз падвысяць”.

 

У гэты ж дзень у шпіталі Лепелю абсьледавалі Івана Шылу. Ён скардзіцца на болі ў сьпіне і захворваньні горла, якія таксама былі яшчэ да прызыву ў войска. Таму большую частку службы Іван правёў у санчастцы. З гэтай ды іншых прычынаў на яго распачаўся ціск з боку кіраўніцтва часткі, паведаміў “Свабодзе” Іванаў бацька Ўладзімер Шыла:

 

“Па-першае, яго вінавацяць у тым, што ён вось такі сымулянт, бо шмат хварэе. Па-другое, яму закідаюць у віну, што ён чытае такія “правакацыйныя” выданьні, як газэта “Наша Ніва” і часопіс “Архэ”. А прыватныя размовы, якія Іван вядзе са сваімі саслужыўцамі, — гэта назвалі палітычнай дзейнасьцю і нават ужо пачынаюць пагражаць дысбатам. Маўляў, ён займаецца палітычнай дзейнасьцю, а гэта незаконна, і вось мы нешта будзем рабіць”.

 

20 лютага ў судзе Салігорску адбудуцца папярэднія слуханьні ў справе абскарджваньня рашэньня прызыўной камісіі, якая дала дазвол на адпраўку Івана Шылы ў войска без мэдычнага абсьледаваньня. Паводле Ўладзімера Шылы, кіраўніцтва часткі гэтую інфармацыю ад Івана хавае.

 

Франак Вячорка — адзін зь лідэраў Моладзі БНФ. 16 ліпеня 2008 году мэдкамісія ваенкамату Савецкага раёну Менску прызнала Франка непрыдатным да вайсковай службы паводле стану здароўя. Пасьля абсьледаваньня ў вайсковым шпіталі ён атрымаў адтэрміноўку да сакавіка 2009 году. 16 студзеня ваенкамат Савецкага раёну ізноў прызнаў Франка прыдатным да службы, а суд пакінуў гэтае рашэньне ў сіле. 28 студзеня Франак Вячорка быў гвалтоўна затрыманы і адпраўлены ў вайсковую частку.

 

Зьміцер Хведарук — адзін зь лідэраў моладзевай арганізацыі “Малады фронт”. 28 студзеня яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі і даставілі ў ваенкамат. Затым яго даставілі ва ўпраўленьне ўнутраных спраў Першамайскага раёну Менску, дзе міліцыянты заявілі, што Зьміцер не адбыў пакараньне за акцыю 1 траўня 2008 году каля Нацыянальнай бібліятэкі. Пасьля сутак арышту Зьмітра Хведарука даставілі ў вайсковую частку для праходжаньня тэрміновай вайсковай службы. Тым часам Зьміцер Хведарук — студэнт дзённага аддзяленьня багаслоўскага каледжу і мае права на адтэрміноўку ад службы ў войску.

 

Іван Шыла — актывіст моладзевай арганізацыі “Малады фронт” у Салігорску. Летась яго выключылі са школы, не дазволіўшы здаць апошні іспыт. Таксама 28 студзеня яго гвалтам даставілі ў абласны ваенкамат у Менску, а затым адправілі ў вайсковую частку. Іван Шыла трымаў галадоўку на знак пратэсту, што раённая прызыўная камісія дала дазвол на ягоны прызыў у войска без мэдычнага абсьледаваньня.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства