viasna on patreon

«Белпошта» ігнаруе звароты незалежных выданняў

2009 2009-02-18T13:27:39+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/belposhta1.jpg

Недзяржаўная выданне «Газета для вас» (Івацэвічы) ужо паўтара месяцы чакае адказу ад «Белпошты» на просьбу ўзнавіць падпіску па ўсёй Брэсцкай вобласці.

 

З новага года газету зноў сталі прадаваць у кіёсках, аднак на невыгодных для выдання ўмовах, паведамляе прэс-служба БАЖ.

 

Газета, зарэгістраваная як абласное выданне, да 2006 года распаўсюджвалася ў чатырох раёнах Берасцейшчыны: Івацэвіцкім, Пружанскім, Бярозаўскім і Драгічынскім. Але тры гады таму – пачынаючы з студзеня 2006 года (напярэдадні «прэзідэнцкіх выбараў”) – РУП «Белпошта» змяніла ўмовы супрацоўніцтва з рэдакцыяй «Газеты для вас» і пагадзілася распаўсюджваць абласное выданне праз падпіску толькі ў Івацэвіцкім раёне.

 

Прыкладна ў той жа час «Брэстаблсаюздрук» скасаваў дамову на продаж выдання ў газетных кіёсках.

 

«Гэта вельмі падарвала нашы сілы. Да 2006 года ў нас толькі падпісныя наклады былі больш за 6 тысяч асобнікаў, а агульны наклад дасягаў 9 тысяч. А ў сённяшніх ўмовах мы вымушаны выпускацца ўдвая меншым накладам. Таму 28 лістапада 2008 года мы накіравалі гэтым прадпрыемствам лісты з просьбай ўзнавіць распаўсюд «Газеты для вас» па ўсёй вобласці»,— кажа рэдактарка «Газеты для вас» Лідзія Цалуйка.

 

Лісты-аферты аб заключэнні дамовы на распаўсюд выдання былі дасланыя ў галоўны офіс РУП «Белпошта» гендырэктару Аляксандры Чарняк, дырэктару Брэсцкага філіяла прадпрыемства Валянціне Пух, а таксама на адрас «Брэстаблсаюздруку».

 

Паводле Лідзіі Цалуйкі, паштовае прадпрыемства пакуль не адказала на пасланне. Адгукнуўся на прапанову толькі «Брэстаблсаюздрук», які са студзеня 2009 года пагадзіўся прадаваць пэўную колькасць асобнікаў «Газеты для вас» праз сетку газетных шапікаў у трох раёнах: Івацэвіцкім, Пружанскім і Бярозаўскім.

 

«Канешне, гэта ўжо нейкі зрух. Але «Саюздрук» узяў на распаўсюд вельмі абмежаваную колькасць газет: па 350 асобнікаў — у Івацэвічах і Бярозе і 50 асобнікаў – у Пружанах. Гэта вельмі мала», — зазначае рэдактарка выдання.

 

Па словах Лідзіі Цалуйкі, умовы супрацоўніцтва выглядаюць «рабаўніцкімі». «Саюздрук» робіць гандлёвую надбаўку 55% і прадае газету па 1000 рублёў за асобнік. З гэтай сумы рэдакцыі дастаецца толькі 467 рублёў. А заробленыя такім чынам у студзені грошы рэдакцыя атрымае толькі напрыканцы лютага. Акрамя таго, паводле дамовы, «Саюздрук» не вяртае рэдакцыі непрададзеныя асобнікі.

 

«Таму продаж у кіёсках «Саюздруку» нам зараз нявыгадны. Нашыя прыватныя распаўсюднікі прадаюць газету без спісання і штотыдзень здаюць у касу выручку», - рэзюмуе Лідзія Цалуйка, паведамляе Хартыя-97

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства