ТБМ заклікае да актыўнага ўдзелу ў Міжнародным дні роднай мовы
Як паведамляе БелаПАН, сакратарыят "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" заклікаў суайчыннікаў актыўна ўдзельнічаць у ініцыятывах і акцыях аб'яднання, прысвечаных 10-годдзю Міжнароднага дня роднай мовы (21 лютага), заснаванага па рашэнні ЮНЭСКА ў мэтах захавання галоўнай духоўнай святыні кожнага народа.
У заяве ад 9 лютага "Жыве мова — жыве народ" адзначаецца, што "на беларускай мове створаныя неўміручыя літаратурныя творы, што ўваходзяць у скарбніцу агульначалавечай культуры". Беларуская мова "мае дастатковы ўзровень развіцця, каб гучаць ва ўсіх без выключэння сферах грамадскага і палітычнага жыцця краіны".
Кіраўніцтва ТБМ падкрэслівае, што"толькі ад нас залежыць наступны лёс тытульнай нацыі, лёс нашай краіны".
Аўтары звароту прапаноўваюць суайчыннікам прыняць удзел у зборы подпісаў за пашырэнне беларускай мовы ў сферы мабільнай сувязі; падтрымліваць беларускамоўныя СМІ; усюды размаўляць па-беларуску; перадаваць любоў да роднай мовы дзецям і ўнукам, а таксама прыняць удзел у 2-ой агульнанацыянальнай беларускай дыктоўцы.
У інтэрв'ю БелаПАН старшыня ТБМ Алег Трусаў адзначыў, што першы этап дыктоўкі пачнецца 21 лютага і будзе прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы, другі этап — 15 сакавіка — будзе прымеркаваны да 15-годдзя прыняцця першай Канстытуцыі незалежнай Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці з якой беларуская мова стаў адзінай дзяржаўнай. Трэці этап падрыхтоўкі дыктоўкі — 25 сакавіка — прысвечаны 91-й гадавіне абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
"Мы заклікаем усіх грамадзян прыняць удзел у дыктоўцы, тэкст якой не змяніўся. Ён будзе апублікаваны ў газеце "Наша слова" і выстаўлены на сайце ТБМ", — паведаміў А.Трусаў.