viasna on patreon

Пракуратура прызнала незаконным спыненне справы аб вандалізме ў Курапатах

2009 2009-02-06T13:31:41+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Пракуратура Менскага раёну прызнана незаконным спыненьне крымінальнага перасьледу маладзёнаў, якіх падазраюць у зьнішчэньні помнікаў у Курапатах.

 

Рашэньне бараўлянскай міліцыі спыніць справу намесьнік пракурора Менскага раёну Эрнэст Кайро ў сваімі лісьце назваў “незаконным і неабгрунтаваным”.

 

29 студзеня справу накіравалі на дадаткова папярэдняе расьледваньне, паведамляе БелаПАН.

 

Нагадаем: позна ўвечары 1 лістапада актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Макаў і Алег Сьвірыдаў затрымалі двух падлеткаў, якія павалілі некалькі крыжоў на алеі ў Курапатах.

 

Макаў і Сьвірыдаў выклікалі міліцыю і потым далі паказаньні супраць падлеткаў.

 

11 лістапада Бараўлянская міліцыя распачала справу паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу “Апаганьваньне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў”. Артыкул прадугледжвае пакараньне да трох гадоў пазбаўленьня волі.

 

12 студзеня стала вядома, што міліцыя Бараўлянскага сельскага савету спыніла крымінальны перасьлед двух маладзёнаў, якіх падазравалі ў разбурэньні крыжоў.

 

Доказаў, якія атрыманыя ў часе сьледзтва, недастаткова, для таго, каб перадаць справу ў суд і прыцягнуць да адказнасьці двух непаўнагадовых навучэнцаў школы і ПТВ, заявіў БелаПАН начальнік сьледзтва Бараўлянскага аддзелу міліцыі Ігар Барадач.

 

***

 

Гэта ня першыя выпадкі вандалізму ва ўрочышчы Курапаты, дзе ў 1937—1941 гадах карнікі НКВД расстралялі паводле розных падлікаў ад 40 да 200 тысяч чалавек.

 

Пры канцы 1990-х гадоў паламалі таблічку на Крыжы Пакуты.

 

Што да мэмарыяльнага знаку “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці”, то было дванаццаць выпадкаў вандалізму. У 2002 годзе адрамантаваную каторы ўжо раз лаву Клінтана ўсталёўваў у Курапатах амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак.

 

У сьнежні 2005 году невядомыя вандалы двойчы апаганілі свастыкай і сатанінскімі надпісамі курапацкія крыжы, помнік загінулым ва ўрочышчы габрэям і выяву Маці божай Курапацкай мастака Аляксея Марачкіна. Ня раз ламалі і крыжы. Паводле фактаў вандалізму ў Курапатах заводзілі крымінальныя справы, аднак злачынцаў ніколі не знаходзілі. Летась напярэдадні Дзядоў быў паламаны Крыж Пакуты, актывісты КХП БНФ аднавілі яго.

 

Грамадзкасьць зьвярнулася да ўладаў з заклікам забясьпечыць ахову ўрочышча Курапаты, якое зьяўляецца гістарычна-культурнай каштоўнасьцю першай катэгорыі. Аднак у адказ упраўленьне ўнутраных справаў Менскай вобласьці прапанавала аргкамітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў плаціць за ахову ўрочышча Курапаты.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства