Сьвятлану Завадзкую выклікалі ў пракуратуру
Жонку зьніклага беларускага журналіста Сьвятлану Завадзкую выклікалі для размовы ў пракуратуру Цэнтральнага раёну Менску. Сьледчы цікавіўся падзеямі на Кастрычніцкай плошчы, калі падчас разгону ўдзельнікаў ланцугу неабыякавых людзей амонавец двойчы ўдарыў Сьвятлану Завадзкую ў твар.
Размова са сьледчым Цэнтральнай пракуратуры Дзьмітрыем Лугіным доўжылася каля гадзіны, распавяла”Радыё Свабода” Сьвятлана Завадзкая. Пасьля таго, як яна падрабязна апісала сьледчаму ўсё, што тычыцца інцыдэнту, яе зноў скіравалі на мэдычны агляд. Дагэтуль мэдыкі канстатавалі ў жанчыны сьляды прынамсі двух удараў у твар. Сёньня гэты дыягназ быў пацьверджаны.
Таксама падчас размовы са сьледчым Сьвятлана назвала людзей, якія б маглі засьведчыць яе пазыцыю. Нагадаю, жонка зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага настойвае на тым, што яе першым ударыў амонавец і патрабуе прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасьці. Прозьвішча гэтага чалавека ёй невядомае, але яго твар ёсьць на стужцы, які дэманстравалі расейскія тэлеканалы пасьля інцыдэнту. Паводле Сьвятланы Завадзкай, сьледчы не назваў ёй імя гэтага чалавека.
Інцыдэнт адбыўся 7 ліпеня, заяву ў пракуратуру Сьвятлана Завадзкая занесла празь дзень, 8 ліпеня. Чаму гэтак доўга сьледчы пракуратуры не сустракаўся са Сьвятланай Завадзкай?
У мінулую пятніцу ў Цэнтральнай пракуратуры патлумачылі, што “не маглі знайсьці Завадзкую, каб выклікаць на размову”. Сьвятлана Завадзкая тады заявіла “Радыё Свабода”, што ня верыць гэтым тлумачэньням. Жанчына і сёньня, пасьля размовы са сьледчым, не зьмяніла свайго меркаваньня.
Паводле Сьвятланы Завадзкай, пытаньні сьледчага былі звычайнымі: ён ніяк не дэманстраваў свайго асабістага стаўленьня да гэтай справы. “Сьледчы папярэдзіў мяне, што, хутчэй за ўсё, праверка зацягнецца”, — распавяла Сьвятлана Завадзкая.
Між тым, пры канцы мінулага тыдня ў Цэнтральнай пракуратуры заявілі, што вынікаў праверкі варта чакаць ужо сёньня, ці заўтра, 26 ліпеня. Чым тлумачыцца затрымка, Сьвятлана Завадзкая ня ведае.
Ад камэнтароў сьледчы Дзьмітры Лугін адмовіўся. Ня стаў ён кантактаваць і з журналістамі расейскага тэлеканалу ОРТ, якія адмыслова прыехалі да Цэнтральнай пракуратуры Менску, калі туды прыходзіла Сьвятлана Завадзкая.
У менскай міліцыі адносна інцыдэнту 7 ліпеня заявілі, што “Сьвятлана Завадзкая сама справакавала амонаўца, які зачапіў яе выпадкова, калі адмахваўся”. Між тым, запіс таго інцыдэнту шмат разоў паказалі расейскія тэлеканалы ОРТ, РТР і НТВ. На стужцы добра відаць, як амонавец двойчы б’е Сьвятлану Завадзкую ў твар.