Другі дзень суду над Аляксандрам Баразенкам
9:50 Пачалося судовае паседжаньне. У судовай залі знаходзяцца сваякі Аляксандра, а таксама палітыкі Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін. Зараз ідзе допыт сьведак.
9:40 У адказ на скаргу сваякоў Аляксандра Баразенкі, судзьдзя Натальля Вайцэхоўская папрасіла ўсіх прысутных у судовай залі, у тым ліку і невядомых людзей спартыўнага выгляду, пакінуць яе. Паседжаньне яшчэ не пачалося.
9:20 У судовую залю, яшчэ да таго як людзей прапусьцілі ў будынак суду, каб прысутнічаць на паседжаньні ў справе Баразенкі, спэцназаўцы прывялі каля двух дзясяткаў людзей спартыўнага выгляду.
Сваякі Аляксандра Баразенкі падалі скаргу старшыні суду на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, якія адмыслова зноў запоўнілі ўсе вольныя месцы ў судовай залі, каб на судовым паседжаньні не змаглі прысутнічаць прадстаўнікі замежных амбасадаў і АБСЭ, журналісты і паплечнікі Аляксандра Баразенкі.
***
Сёньня а 9:30 працяг паседжаньня суду над Аляксандрам Баразенкам, апошнім фігурантам у “справе 14-ці”.
Аляксандра Баразенку абвінавачваюць у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія нібыта пацягнулі за сабой масавыя беспарадкі падчас студзеньскіх акцый прадпрымальнікаў. Ад 27 кастрычніка яго трымаюць пад вартай.
Учора ў суд Цэнтральнага раёну Менску прыйшлі дзясяткі прыхільнікаў дэмакратычнага руху, прадстаўнікі амбасадаў і АБСЭ. Залю судовага паседжаньня запоўнілі студэнтамі БАТУ. Павдле допісу ў камэнтарах нашага сайту мужчына, які прывёў студэнтаў, не дазваляў ім пакідаць судовую залю, абражаў маці Аляксандра Баразенкі і журналістаў сакратар Мінскага ГК КПБ, галоўны спэцыяліст БРСМ Цэнтральнага раёну Ўладзімер Цюхай.